Зянон Пазняк заклікаў Еўрасаюз адмяніць санкцыі супраць лукашэнкаўцаў, бо яны, на думку гэтага палітыка, контрпрадуктыўныя. Доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч мяркуе, што ЕС не зробіць гэтага, пакуль не выкананыя тры мінімальныя ўмовы. Якія — чытайце ніжэй.

На думку палітолага, галоўная пагроза суверэнітэту — у тым, што людзі расчараваныя ў беларускай дзяржаўнасці лукашэнкаўскага ўзору, калі «кіраўніцтва краіны не здольнае забяспечыць мінімальны набор умоў, звязаных з бяспекай, правапарадкам (ад слова» права», а не толькі парадак) і камфорту».

Казакевіч таксама даказвае прыкладамі, што разгром грамадзянскай супольнасці і рэпрэсіі супраць насельніцтва не выкліканыя санкцыямі, а былі іх прычынай.

Ён таксама заўважае, што «ў ЕС цяпер ёсць вялікія сумневы ў рацыянальнасці Аляксандра Лукашэнкі, а значыць і яго дамоваздольнасці».

«Міжнародны вопыт паказвае, што санкцыі ўплываюць. Так, калі мэтай ставіцца змена рэжыму або адхіленне ад улады, то хутчэй не. Але калі мэта вызваленне палітычных зняволеных, спыненне рэпрэсій, мадыфікацыя якой-небудзь праграмы (ядзернай, вайсковай) і развязанне пытанняў бяспекі, то працуюць, — піша Андрэй Казакевіч у сябе ў фэйсбуку. — Прыкладаў мноства: Іран, Турцыя, Куба і нават вялікі і магутны СССР. Беларусі гэта тым больш тычыцца. Вопыт першай і другой лібералізацыі гэта добра паказваюць. Але варта прызнаць, што такі ўплыў можа расцягнуцца на гады і не факт, што гэты вопыт прынясе шмат добрага нацыі, — са шкадаваннем адзначае Казакевіч і дадае. —

У прынцыпе Зянон Станіслававіч таксама гэта адзначае, але ён прапануе нерэалістычны механізм.

Чаму? Калі вельмі коратка. ЕС гэта 500 млн насельніцтва і $20 трлн ВУП. Наіўна думаць, што такое аб'яднанне будзе паступацца сваімі прынцыпамі, каб дагадзіць аўтакрату, які кантралюе краіну з 9,5 млн і $50 млрд ВУП, гэта значыць у 50 і 400 (!) разоў меншымі адпаведна.

Калі глядзець рэалістычна, то для прыпынення санкцый ёсць тры мінімальныя ўмовы, якія ўлады [Беларусі] павінны выканаць (а не ЕС):

1. Заходняя прэса павінна перастаць дрэнна пісаць пра падзеі ў краіне.

Еўрапейскія палітыкі залежаць ад грамадскай думкі і не будуць рызыкаваць рэпутацыяй з-за беларускага пытання, нават калі ў цэлым будуць не супраць саступак.

Як гэта зрабіць? Як мінімум не ствараць дрэнных інфармацыйных падстаў: арышты, затрыманні, закрыццё арганізацый. Увогуле дээскалацыя і спыненне рэпрэсій. Але па-добраму патрэбны інклюзіўны нацыянальны дыялог і нейкае рашэнне палітычнага крызісу з улікам пазіцый асноўных палітычных суб'ектаў.

2. Вызваленне палітычных зняволеных.

Так, без гэтага не абысціся. Так гэта працуе і не толькі ў дачыненні да Беларусі. Успамінаем 2008—2010 і 2014—2016. Усіх ці не ўсіх — не бяруся казаць, але пераважную большасць, гэта дакладна.

3. Змена рыторыкі і спыненне правакацый на межах.

Рыторыка і паводзіны павінны перастаць быць агрэсіўна нацыяналістычнымі, ксенафобскімі і стаць рацыянальнымі. У ЕС цяпер ёсць вялікія сумневы ў рацыянальнасці Аляксандра Лукашэнкі, а значыць і яго дамоваздольнасці. А без гэтага няма сэнсу нейкія рацыянальныя размовы пачынаць.

Гэта мінімальныя ўмовы, у рэальнасці іх можа быць больш. Але без гэтых, у прынцыпе, неабходных дзеянняў з боку ўладаў нерэалістычна чакаць прыпынення санкцый і чагосьці добрага наогул на заходнім кірунку. ЕС працуе па сваіх механізмах і правілах. Не Беларусі ці не яе грамадзянскай супольнасці (нават пры ўсім жаданні) гэта пад сілу змяніць.

Санкцыі руйнуюць грамадзянскую супольнасць? Трэба адзначыць, што сувязь паміж рэпрэсіямі і санкцыямі з афіцыйных асоб праводзіць толькі Уладзімір Макей і МЗС. Калі паглядзець, як рэпрэсіі апраўдвае Лукашэнка, СБ, АНТ, МУС, дэпутаты парламента, «Белая Русь», мноства блізкіх да ўлады аналітыкаў і г.д., то ў абсалютнай большасці выпадкаў яны называюць унутраныя прычыны. Грамадзянская супольнасць — ворагі, расаднік бунту і нестабільнасці. Гэта палітычны канкурэнт за папулярнасць і грамадскую падтрымку, патрабуе знішчэння. Ды і на практыцы мы не бачым сувязі паміж дынамікай рэпрэсій і палітыкай санкцый.

Таму сувязь «санкцыі-рэпрэсіі» варта ўспрымаць як пасланне / застрашванне, накіраванае выключна на знешні контур і на пратэсны электарат. З сапраўднымі рашэннямі аб прымяненні рэпрэсій гэта мала звязана.

Расія і суверэнітэт.

Калі коратка: беларуская дзяржава будзе існаваць роўна столькі, колькі яно будзе патрэбным беларускай нацыі. Што хоча Расія, ЕС або ЗША — другасна. Так, менавіта так. У сучаснай гісторыі практычна немагчыма знайсці прыклады, калі дзяржава ці нейкая тэрыторыя куды-небудзь далучылася без адабрэння большасці насельніцтва. Крым, ГДР… ужо на двары даўно не 19 стагоддзе.

Асноўная пагроза суверэнітэту — расчараванне грамадзян у дзяржаўнасці, недавер да палітычных органаў, рост пераканання, што кіраўніцтва краіны не здольнае забяспечыць мінімальны набор умоў, звязаных з бяспекай, правапарадкам (ад слова «права», а не толькі «парадак») і камфорту.

Ці моцна на гэта паўплываюць санкцыі — сумнеўна. А вось рэпрэсіі, прававое бязмежжа, прымус да эміграцыі і выціранне ног пра бчб на падлозе аўтазакаў яшчэ як уплываюць.

Галоўная пагроза ўзмацнення расійскага ўплыву — не санкцыі, але працяг палітычнага крызісу. Яго вырашэнне без выканання хоць бы пунктаў 1-2 проста не рэалістычна, чаго б мы ні хацелі і за што б ні выступалі», — падсумоўвае свой адказ Пазняку беларускі палітолаг.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?