Пра гэта Радыё Свабода паведаміў муж Кацярыны Андрэевай Ігар Ільяш.

«Кацярыне памянялі бірку на казённым строі і цяпер там значыцца новая дата вызвалення — 5 верасня», — паведаміў Ігар Ільяш пасля тэлефанавання ад жонкі з калоніі.

«Кацярына расказала, што адчувае сябе добра, голас быў бадзёры. Раней яна пісала ў лістах, што ад 1 верасня яе ў каледж (ПТВ) залічылі, вучыцца на цырульніка. Кажа, што выкладчыкі прыемныя, добрая агульная атмасфера — вельмі дапамагае абстрагавацца ад сумнай рэчаіснасці. То-бок навучальны працэс ёй прыносіць пазітыўныя эмоцыі», — дадаў ён.

Ільяш удакладніў, што такое ж рашэнне было ўхваленае судом і адносна Дар'і Чульцовай.

Кацярына Андрэева (Бахвалава) і Даша Чульцова — журналісткі польскага тэлеканала, прызнанага беларускімі ўладамі экстрэмісцкім. Дзяўчатам прысудзілі па два гады калоніі за стрым з акцыі развітання з Раманам Бандарэнкам у лістападзе 2020 года ў Мінску. Яны павінны былі выйсці на волю 20 лістапада 2022 года.

Пасля ўнясення паправак у заканадаўства суд пастанавіў пералічыць тэрміны пакарання з разліку 1 дзень знаходжання ў СІЗА (да ўступлення прысуду ў сілу) = 1,5 дня знаходжання ў калоніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0