Сам ПВТ цяпер у няласцы. Існуе меркаванне, што калі народ у жніўні высыпаў на вуліцы, атачэнне не стала казаць Лукашэнку, што яго не прызнаюць усе слаі насельніцтва. На пытанне «Хто гэтыя людзі?» дарадцы адказалі: «Іпэшнікі і айцішнікі».

І гэта было чым «даводзіць»: па-першае, рухам сродкаў на рахункі фондаў, якія папаўняліся заможнымі коламі.

Па-другое, медыя-карціна складвалася так, што ледзь не ў кожным матэрыяле пра рэаліі ізалятараў былыя сядзельцы расказвалі, што бавілі час у добрай кампаніі, прыводзячы ў прыклад айцішнікаў.

Па-трэцяе, многія механізмы кантролю і фіксавання хлусні сапраўды сталі магчымыя дзякуючы валанцёрам са спецыфічнымі ўменнямі. 

Гэтыя аргументы добра ляглі ў агульную канву выбудоўвання альтэрнатыўнай рэальнасці, згодна з якой прычына крызісу ў Беларусі — не адсутнасць празрыстых выбараў, а змова ўсіх з усімі. 

На пошуку ворагаў сярод айцішнікаў праўладныя сілы разлічваюць набраць палітычныя балы. Іх асноўны тэзіс агучаны вуснамі Андрэя Савіных: «Каб выйсці з палітычнага крызісу, трэба ліквідаваць дыспрапорцыі, якія да яго прывялі».

Адпаведна, каб не было паўтарэння пратэстаў, трэба ліквідаваць варожы беларускаму «ўкладу жыцця» пласт, што выйшаў з-пад кантролю дзяржавы. 

Гэтая група ворагаў ПВТ падбадзёрваецца і простымі ідэалагічнымі зайздроснікамі і пустамелямі, якія хочуць навязаць ІТ нейкую мадэль палітычнага кантролю на манер КНР і вінавацяць праграмістаў у тым, што яны нібыта не інтэгруюцца ў іншыя сектары беларускай эканомікі. 

Наадварот, Янчэўскі і кампанія прыводзяць аргументы, што настроі праграмістаў не больш апазіцыйныя, чым у рабочых ці медыкаў. Акрамя таго ёсць памяць пра часы да 2020 года, калі айцішнікі праз уласны дабрабыт заставаліся аднымі з найменш пратэсных слаёў і амаль ніяк сябе не праявілі ў часы «дармаедскіх» выступленняў. 

Група сяброў ПВТ сярод чыноўнікаў (з моцнай падтрымкай з боку Віктара Лукашэнкі) спадзяецца выйсці на этап пост-рэакцыі, захаваўшы ў краіне парк. Яны звязваюць з ІТ надзеі на росквіт пасля пачатку адбудовы запужанай краіны, іх уласныя дзеці працуюць праграмістамі. 

Пакуль што ўстаноўлены крохкі баланс і захаванне парку ў абмен на навязванне «нашых уяўленняў аб прыгожым» — узмацнення палітычнага кантролю праз інстытут «палкоўнікаў» у дырэкцыі.

Імаверна, не варта здзіўляцца, калі высветліцца, што цяпер Янчэўскі бярэ ў рукі левы тэлефон і залазіць з галавой пад коўдру, каб пагаварыць з тымі, каго яшчэ зусім нядаўна прэзентаваў замежным дэлегацыям у якасці ўзору. Бо зусім не чуваць, каб асобы кшталту Мельнічка, Пракапені ці Добкіна спяшаліся паказвацца ў Беларусі. 

Але тое, што ПВТ яшчэ не знішчаны, не азначае, што праблем не існуе. Дзяржава парушае дадзеныя абяцанні і мяняе правілы гульні на хаду: павышае недатыкальныя падаткі, задняй датай выкідае кампаніі з парку і пускае па следзе сабак.

Хаця, з аднаго боку, у галіне няма адчування, што рэпрэсіі супраць ІТ маюць сістэмны характар, месцы магчымых удараў усё адно нельга прадказаць.

Усё яшчэ сядзіць у турме, напрыклад, Дар’я Данілава — СЕО Rocketdata, кампаніі, якая ўзяла грошы інвестараў, а цяпер працуе без дырэктара. Да 2,6 года хатняй хіміі прысудзілі актыўнага інвестара Валерыя Астрынскага.

Некалі праваахоўныя структуры працягваюць кашмарыць удзельнікаў пратэстаў, сярод якіх трапляюцца якасныя спецыялісты. Словы Лукашэнкі нават пра «Добкіна-дробкіна» напружваюць менеджараў іншых кампаній, яны прымяраюць гэтую лексіку на сябе.

Пра ІТ-універсітэт ніхто ўжо даўно не ўспамінае. Раней ідэю адфутбольваў міністр адукацыі Карпенка, якому, як арганізатару тэхнічнага боку выбараў, Лукашэнка вельмі давяраў. Але хоць ты і прыбяры цяпер сцяну ў выглядзе Карпенкі — гэта ўжо нікому не трэба. 

Задача бізнэсу ў любой краіне — займацца пытаннямі росту, а не ўласнай бяспекі. Нямногія донары цяпер пагаджаюцца даваць грошы беларускаму стартапу на ўмовах знаходжання праекта ў Беларусі. Цяжка зрушыць з месца гігантаў, але дробныя кампаніі не так моцна прывязаныя да месца і шукаюць магчымасці рэалізацыі за мяжой і праз тэрор, і праз санкцыі.

ІТ-кампаніі вельмі хвалюе рух плацяжоў праз скалечаныя беларускія банкі, бо пратэрміноўка на некалькі тыдняў можа паставіць кампанію са сціплай абароткай на калені — яна не заплаціць заробкі і страціць каштоўныя кадры. 

Увогуле, людзі бягуць з Беларусі. Гэта не так відавочна абывацелям, як уцёкі дактароў, але ўсё гэта ўдар па будучыні.

Няма дакладных даных. Некаторыя суразмоўцы кажуць, што Беларусь з мінулага года ўжо страціла 20% ад занятых у IT-галіне.

Так, EPAM ужо стаў самай вялікай кампаніяй ва Украіне, дзясяткі праграмістаў iTransition з беларускімі пашпартамі займаюць элітныя кіеўскія каворкінгі. Беларускія ІТ-уцекачы ў Львове ўжо патрабуюць беларускамоўных класаў для дзяцей. 

Многія людзі ў кулуарных размовах прызнаюцца, што да канца гэтага ці наступнага года (у кожнага свой гарызонт) яны плануюць закрыць у Беларусі ўсе юрыдычныя асобы і вывезці людзей.

Нават колішнія фаварыты ўладаў, якія ціснулі рукі Лукашэнку, ціхенька згортваюць дзейнасць.

Толькі маладыя супрацоўнікі не заўсёды хочуць ехаць за мяжу — вераць у перамены. 

Дарэчы, пытанне павышаных падаткаў для ПВТ пакуль не выглядае крытычным. Кампаніі адрэагавалі на гэта па-рознаму, у залежнасці ад фінансавых магчымасцяў.

Нехта сказаў калектыву, што гэта Радзіма стала браць з вас больш падаткаў, а кампанія толькі падатковы агент: ну, значыць, проста будзем з вас вылічваць больш.

Іншыя дамовіліся кампенсаваць палову ад павышаных падаткаў, яшчэ іншыя — кампенсаваць павышэннем заробку рост падаткаў цалкам. 

Але, калі глянуць навокал, то нечакана акажацца, што ПВТ не такое ўжо і Эльдарада для праграмістаў: суседняя Украіна, напрыклад, прапануе ўмовы куды больш прывабныя і без асобных падатковых зон.

ПВТ выгадна кампаніі, але калі асобны дасведчаны праграміст ва Украіне адкрые ФОП (аналаг ІП), то ён будзе плаціць 5% падатку з абароту (у некаторых выпадках — 3%) і эквівалентна 50 далярам штомесяц у сацыяльны фонд. На фоне гэтых лічбаў перавагі ПВТ для адзіночак не такія ўжо відавочныя.

Можна нават застацца працаваць на беларускую кампанію, але перавесці адносіны з фармату «наймальнік-працаўладкаваны» ў фармат адносін дзвюх юрыдычных асоб. Многія так і робяць, застаючыся працаваць на беларускую кампанію, але ўжо з-за мяжы.

Пандэмія ўвогуле навучыла і наймальнікаў, і работнікаў працаваць аддалена. Гэта моцна мяняе рынак. Калі раней яны бралі на працу толькі тых, хто гатовы пераехаць у горад з офісам, то цяпер гэтая ўмова неабавязковая. Зона набору персаналу пашырылася да пары гадзінных паясоў у абодва бакі.

Гэта нараджае як плюсы, так і нязручнасці: беларускім кадрам адкрылася ўся Еўропа. А тутэйшыя, мінскія, працадаўцы наракаюць, што ўжо амаль немагчыма знайсці «сеньёраў», але і неабстраляных «джуніяраў» таксама браць не хочуць — няма каму з імі займацца аддалена. 

Фактычна, рэзюмэ такое. Пакуль ва ўсім свеце IT-галіна расце, беларускім кампаніям вельмі цяжка скарыстацца гэтым ростам на тэрыторыі радзімы праз палітычную сітуацыю і ўцёкі супрацоўнікаў. Ва ўмовах нявызначанасці галіна будзе сціскацца надалей. 

***

Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0