Паводле пазову ўладаў, згодна з законам «Аб мерах па прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюджвання зброі масавага паражэння» грамадскія аб’яднанні абавязаны штогод даваць дакументы пра сваю дзейнасць, у тым ліку — пра паступленне і выдаткоўванне грашовых сродкаў і іншай маёмасці. «Талака» нібыта гэтае патрабаванне не выканала, піша «Радыё Свабода».

У пазове ўказваецца, што на адрас «Талакі» нібыта выносілі пісьмовае папярэджанне — падставай паслужылі парушэнні, якія ў арганізацыі не ліквідавалі.

Старшыня арганізацыі Пётр Цалка ў судзе прызнаў пазоўныя патрабаванні і хадайнічаў, каб суд даў магчымасць на працягу двух дзён прадаставіць неабходныя дакументы. Пры гэтым адзначыў, што «Талака» не вяла эканамічную дзейнасць. У адказ на гэта прадстаўнік пазоўніка заявіў, што часу для прадстаўлення дакументаў было дастаткова.

Суд пастанавіў задаволіць патрабаванні пазоўніка і ліквідаваць арганізацыю.

Гомельская моладзевая краязнаўчая грамадская арганізацыя «Талака» існавала з 1986 года і займалася развіццём нацыянальнай культуры: адраджэннем старажытных беларускіх народных абрадаў, зборам фальклору, рэканструкцыяй аўтэнтычных святаў. Абʼяднанне папулярызавала культуру, гісторыю і краязнаўства.

Ад сярэдзіны ліпеня па ўсёй Беларусі адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацый. Пад пагрозай існаванне дзясяткаў асветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, даследчых і іншых арганізацый. Іх прадстаўнікоў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Усяго на сярэдзіну верасня, згодна са звесткамі праваабарончага цэнтра «Вясна», у Беларусі ад ліпеня 2021 года ўжо 135 ліквідаваных недзяржаўных арганізацый.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?