Па версіі абвінавачванні, паклёп і абраза ўтрымліваліся ў відэароліках блогера на яго ютуб-канале ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі, ужо былога старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка, былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева і ягонага намесніка Генадзя Казакевіча, міністра абароны Віктара Хрэніна, паведамляюць праваабаронцы.

Суддзя Юрый Машкетаў пакараў Руслана Лінніка чатырма гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта такое пакаранне запрашваў пракурор Яўген Серакоў. На судзе Руслан Ліннік не прызнаў віну, адмовіўся ад дачы паказанняў, а ў апошнім слове распавёў пра ціск, псіхалагічнае і фізічнае ўздзеянне з боку сілавікоў.

«22 лютага супрацоўнікі без форменнага адзення — асобы былі ў балаклавах — пачалі аказваць псіхалагічнае і фізічнае ўздзеянне, каб даведацца адрас кватэры. Пасля працэсуальнага маўчання на мяне былі надзетыя кайданкі, і ўсё працягнулася з новай сілай і па новым сцэнары», — распавёў Руслан у апошнім слове.