Сярод прэтэнзій Міністэрства юстыцыі — нібыта несапраўдны юрыдычны адрас, бо вярталася карэспандэнцыя, а таксама тое, што не апублікавалі справаздачу дзейнасці за неабходны прамежак часу, піша «Радыё Свабода».

Гэта ўжо другая афіцыйная забарона ў гісторыі аб’яднання. Роўна 85 гадоў таму адпаведнае распараджэнне выдала польская адміністрацыя, а якраз у Дзень народнага адзінства тое самае зрабіла ўласная дзяржава.

Намесніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч на «расправу» адрэагавала па-філасофску.

«Давайце лічыць гэта прызнаннем. Значыць, нашы настаўнікі рабілі ўсё правільна. Аб'ектыўна кажучы, і так шмат паспелі за гэтыя 25 гадоў. Таму будзем лічыць, што гэта чарговы перапынак на таталітарызм, з трэцяга разу дакладна ўсё атрымаецца», — перакананая яна.

Датай заснавання ТБШ лічыцца 22 лютага 1921 года, калі Цэнтральная школьная рада ў Вільні прыняла адпаведную пастанову дзеля актывізацыі працы на месцах. Галоўны напрамак палягаў у «развіцці беларускай асветы».

Згодна са статутам, ТБШ мела права адкрываць і ўтрымліваць народныя школы, праводзіць курсы для непісьменных дарослых, утрымліваць настаўніцкія семінарыі, аказваць вучэбна-метадычную і грашовую дапамогу.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?