Кадр з фільма

Шахматыстка Нона Гапрындашвілі, якая стала ў 1976 годзе першай у гісторыі жанчынай-гросмайстрам, падала пазоў да кампаніі Netflix, патрабуючы $ 5 млн у якасці кампенсацыі за «разбуральную хлусню, якая падрывае і прыніжае яе дасягненні перад шматмільённай аўдыторыяй», паведамляе выданне The New York Times.

Гапрындашвілі патрабуе выключыць з серыяла фразы аб тым, што яна ніколі не гуляла ў шахматы з мужчынамі. Паводле інфармацыі выдання, савецкую чэмпіёнку абурылі словы, сказаныя, па сюжэце, падчас фінальнага матчу ў Маскве.

«Адзінае, што ў ёй незвычайнага, — гэта яе пол, але нават гэта не з'яўляецца чымсьці ўнікальным у Расіі. Ёсць Нона Гапрындашвілі, але яна чэмпіёнка свету сярод жанчын і ніколі не гуляла з мужчынамі», — кажа каментатар падчас матчу Бэт Харман з савецкім шахматыстам Боргавым.

У пазове, пададзеным прадстаўнікамі Ноны Гапрындашвілі, гаворыцца, што ў 1968 годзе, калі па сюжэце серыяла адбыўся матч Харман—Боргаў, шахматыстка згуляла як мінімум з 59 мужчынамі, у тым ліку і з гросмайстрамі, уключаючы Драгалюба Веліміравіча, Светлазара Глігорыча, Паўля Керэса, Барыса Спаскага і Міхаіла Таля — апошнія двое станавіліся чэмпіёнамі свету.

Фраза аб Ноне «з'яўляецца відавочна ілжывай, а таксама жудасна сэксісцкай і зневажальнай», сцвярджаюць адвакаты. 80-гадовая шахматыстка лічыць, што стваральнікі серыяла ахвяравалі яе рэпутацыяй дзеля залішняй драматызацыі і прыўнясення ўнікальнасці ў біяграфію выдуманага персанажа.

Стрымінгавы сэрвіс Netflix ужо адказаў на пазоў кароткай заявай аб тым, што, нягледзячы на павагу да Гапрындашвілі і яе бліскучай кар'еры, Netflix не згодны з пазовам і будзе адстойваць сваю правату.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?