На Захадзе не моцна зацікаўленыя ва ўзмацненні беларускай дзяржаўнасці, заявіў сёння міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч на сустрэчы са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, паведамляе БелТА.

У сувязі з гэтым ён прывёў прыклад з гісторыі. «У ВКЛ быў шанец стаць каралеўствам. Мы павінны былі атрымаць карону. І калі кіраваў у Польшчы Ягайла, ён зрабіў усё, каб карона, якую везлі з Ватыкана, была спыненая. З гэтай сітуацыі можна зрабіць выснову, што на Захадзе не моцна зацікаўлены ва ўзмацненні нашай дзяржаўнасці не толькі цяпер, але і тады», — сказаў ён.

Міністр таксама распавёў, што з 1921 па 1936 год польскай адміністрацыяй былі высечаныя практычна ўсе лясы ў Беларусі, лясістасць краіны саступала польскай. На сёння колькасць лясных насаджэнняў павялічылася ў тры разы ў параўнанні з перыядам да 1939 года.

Дзмітрый Піневіч падкрэсліў, што ён знаёмы з многімі аўтарытэтнымі польскімі калегамі і не хацеў бы гэтымі прыкладамі правакаваць рознагалоссі паміж роднаснымі беларускім і польскім народамі. «Я проста кажу пра тое, як яно было», — сказаў ён.

Нагадаем, сёння Мінздароўя паведаміла, што за суткі зафіксавана 1979 выпадкаў каранавіруса. Гэта рэкорд за час пандэміі.

Чытайце таксама: «За два тыдні верасня прыняла столькі ж пацыентаў, колькі ў студзені. І гэта яшчэ не пік». Медыкі і пацыенты пра чацвёртую хвалю кавіду

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0