Алена Бандарэнка пракаментавала прыпыненне расследавання крымінальнай справы па факце смерці свайго сына Рамана. Справа прыпынена нібыта з-за невысвятлення асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага.

Жанчына папрасіла адгукнуцца тых, хто мог знаходзіцца 11 лістапада 2020 года ў раёне Плошчы перамен у інтэрвале з 22.00 да 24.00. Нагадаем, у гэты час невядомыя загрузілі 31-гадовага Рамана Бандарэнку, які жыў у раёне «Плошчы перамен», у мікрааўтобус і даставілі яго ў Цэнтральнае РУУС. Ён памёр у бальніцы вечарам 12 лістапада мінулага года.

Нагадаем, пракуратура прыпыніла расследаванне абставін смерці Рамана Бандарэнкі ў сувязі з нібыта немагчымасцю знайсці вінаватых. Пакуль справа прыпынена, нельга праводзіць следчыя дзеянні: допыты, агляды, выемкі і гэтак далей. Можна праводзіць толькі «аператыўныя мерапрыемствы», кшталту праслухоўкі. Праз 15 год з моманту прыпынення справы яна па законе павінна быць закрыта за тэрмінам даўніны. 

Пры гэтым аб’яднанне былых сілавікоў ужо праводзіла ўласнае расследаванне. Яны пералічылі імёны тых, хто ў той вечар быў у двары на Плошчы Перамен. Сцвярджаецца, што іх вылічылі па білінгу тэлефонных нумароў. 

Паводле звестак былых сілавікоў, гэта Дзмітрый Баскаў, Дзмітрый Шакута, Наталля Эйсмант, Ганна Эйсмант, Павел Воўчак, Жанетта Воўчак.

А таксама супрацоўнікі САХР Сяргей Сарман, Сяргей Анцюфееў, Алег Буйкевіч, Раман Савенка, Яўген Ціманоўскі.

І супрацоўнікі АМАП Руслан Куляшоў і Раман Крывашэін. 

З усіх вышэйпералічаных сітуацыю пракаментавала толькі вядучая Ганна Эйсмант. Яна заявіла, што ў момант збіцця Рамана Бандарэнкі не знаходзілася на Плошчы Перамен, а была ў прамым эфіры. Астатнія ад каментароў устрымаліся. 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?