Усё змяшалася ў доме беларусаў — усе тут сталі свае. І княгіня Раманава, і графіня Радзівіл, і Містэр Не камуністычнай імперыі, і «хлопчык-задніца» Бора Маісееў.

Сёлетні ліпень выдаўся шчодрым на візіты. Так, напрыклад, 16-18 ліпеня Беларусь наведвае кіраўніца Расійскага імператарскага дома княгіня Марыя Раманава. З гэтай нагоды афіцыйныя і не толькі СМІ стракацяць загалоўкамі: «Вялікую княгіню М.Раманаву ў Гомелі сустракаюць чыноўнікі, праваслаўнае духавенства і дзяўчаты ў нацыянальных строях», «Вялікая княгіня Марыя Раманава размаўляла на сустрэчы з гомельскімі дэпутатамі і чыноўнікамі пра развіццё Гомельскай вобласці і гісторыі», «На сняданак княгіні Раманавай у Гомелі ў гатэльны нумар падалі блінчыкі, масла, сыр, кашу, дранікі, ёгурт і сок». Візіту княгіні Раманавай надаецца нашмат большая ўвага, чым травеньскаму прыезду Альжбеты Радзівіл.

Гэта тым больш дзіўна, бо якое дачыненне мае тая ж Раманава да Беларусі? З якой такой радасці гомельскія дэпутаты і чыноўнікі мусяць абмяркоўваць з гэтай асобай развіццё Гомельскай вобласці і яе гісторыю?
Улічваючы сапраўдны ўплыў роду Раманавых на лёс не толькі Гомельскай вобласці, але ўсёй краіны, дзіўным падаецца тое, з якой помпай сустракаюць княгіню ў Беларусі, чый светапогляд відавочна не змяніўся. Чаго толькі вартае яе заява пра тое, што гэты прыезд у Беларусь — «першы афіцыйны візіт у тую частку былой Расійскай імперыі, якая ІСНУЕ САМАСТОЙНА». Заўважым, што незалежнае грамадства ў асобе намесніка старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі негатыўна адрэагавала на прыезд Раманавай. «Раманавы — заваёўнікі нашай Бацькаўшчыны. Крывавыя. На руках Раманавых кроў ваяроў Касцюшкі, Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага, паламаныя лёсы Багрыма й Багушэвіча ды мільёнаў, мільёнаў беларускіх сялянаў і шляхты, святароў, мяшчанаў, князёў…» — адзначыў В. Вячорка.

Яшчэ адной знакавай падзеяй ліпеня можа стаць адзначэнне 100 гадоў з нараджэння былога міністра замежных спраў СССР Андрэя Грамыкі, ураджэнца Беларусі. Дзеля гэтага ў нашу краіну прыедуць дзеці і ўнукі былога высокага савецкага кіраўніка.

Адзначаць будуць ажно тры (!) дні, дарма, што ў Беларусі не тое што аднагодкі ўнукаў былога міністра, але і шмат хто з аднагодкаў ягоных дзяцей слаба памятае, хто такі Андрэй Андрэевіч Грамыка.

Ізноў жа, што таму Грамыку, вернаму служаку імперыі, было да Беларусі?

І, канечне, не абмінуць сёлетні Славянскі базар у Віцебску. Безумоўна, фестываль мае шмат плюсаў. Але ў чалавека, які не мае магчымасці асабіста ў гэтым упэўніцца, можа скласціся адваротнае ўражанне. Бо на паверхню ўсплывае толькі тое, што... Што ўсплывае, карацей. Што мае адпаведны ўзровень скандальнасці, здольнае падтрымліваць увагу масавага гледача і чытача на працягу шматдзённага фестывальнага марафону.

Якую тупасць, якую пустэчу тыражуюць сур’ёзныя і несур’ёзныя, лукашэнкаўскія і апазіцыйныя СМІ!
Хто з расійскіх «зорак» прыехаў на даражэйшым аўто, чым яны харчуюцца на «Славянскім базары», якім чынам некаторыя прадстаўнікі айчыннага і расійскага шоў-бізнесу пажывіліся на славе знакамітага земляка з Нарвегіі, сёлетняга пераможцы «Еўрабачання». «Майсееў: «Так, я — расп...яй!» — фотарэпартаж на БЕЛТА. І яму за гэта яшчэ і заплацяць, а як вядома, «хуліганствы» прывазных «зорак» складаюць адну з самых значных крыніцаў выдаткаў фестывалю. І вось парадокс: каб зладзіць чарговы З’езд беларусаў свету яго арганізатары мусяць хіба толькі не разбіцца ў блін — і залу арандаваць з боем, і гасцей пасяліць (трымаючы ў галаве немалыя выдаткі), радуючыся пры гэтым, што дзяржава хоць бы моцна не замінае. А тая самая дзяржава ў гэты час валаванамі з ікрой сустракае княгіню Раманаву, ды падпісвае чэкі на гіганцкія ганарары пасівелым расійскім «фанаграмшчыкам».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?