gpk.gov.by

Жанчына была знойдзена без абутку, следства не выключае версію смерці ад пераахаладжэння.

Як паведаміў Дзяржпагранкамітэт, цела жанчыны знайшлі каля вёскі Лясная, што ў Гродзенскай вобласці, за метр ад мяжы.

Побач з памерлай жанчынай былі трое дзяцей ад 7 да 15 гадоў, а таксама мужчына і пажылая жанчына.

Беларускі бок сцвярджае, што польскія сілавікі не дазволілі ім перайсці мяжу і выпіхнулі назад у Беларусь.

Тым часам Польская памежная служба паведаміла, што на мяжы з Беларуссю знойдзеныя целы трох чалавек. Пракуратура Польшчы займаецца расследаваннем іх смерці.

Нагадаем, што Польшча, Літва, Латвія, Нямеччына і еўрапейскія структуры вінавацяць лукашэнкаўцаў у спробе штучна ствараць міграцыйны крызіс на мяжы з ЕС у палітычных мэтах. 

Краіны ЕС, што мяжуюць з Беларуссю, пачалі фіксаваць рэзкае павелічэнне колькасці выпадкаў незаконных перасячэнняў мяжы пачынаючы з чэрвеня гэтага года, пасля таго як краіны Еўрасаюза ўвялі санкцыі супраць Беларусі пасля ўзмацнення рэпрэсій у краіне і прымусовай пасадкі самалёта «Раянэйра». Спачатку мігранты паспяхова праточваліся ў ЕС, але пачынаючы са жніўня Літва, Латвія і Польшча з дапамогай «Фронтэкса» наладзілі эфектыўнае адсочванне груп мігрантаў і блакуюць іх доступ на свае тэрыторыі. Калі раней у Еўрасаюз штодзень тут пранікала некалькі соцень чалавек, цяпер гэтая лічба знізілася да адзінак. Астатнім не ўдаецца пакінуць тэрыторыю Беларусі.

Сёння польскія памежнікі спынілі на мяжы 324 чалавекі — гэта рэкордная лічба. 

Краіны ЕС таксама дабіліся ад Ірака спынення авіярэйсаў у Беларусь, якімі прыбывалі нелегальныя мігранты.

У той жа час еўрапейцы сабралі доказы, як яны сцвярджаюць, спрыяння беларускіх структур дастаўцы людзей без еўрапейскіх віз на межы краін ЕС.

Як паведамлялі дыпламатычныя крыніцы, Еўрасаюз мае намер адказаць на гэта новым пакетам санкцый супраць афіцыйнага Мінска.

Беларусь — адна з рэдкіх краін свету, якая мае выключна напружаныя адносіны адразу з чатырма з пяццю сваіх суседзяў.

Еўрасаюз лічыць сітуацыю з мігрантамі «гібрыднай атакай» на сябе і цынічным завабліваннем нявінных людзей для выкарыстання іх у якасці жывога тавару.

«На ўсходняй мяжы ЕС уласна перажываем гібрыдную атаку ў форме ўцекачоў на беларускай мяжы. Гэта датычыць Польшчы, Літвы і Латвіі», — заявіла канцлерка Германіі Ангела Меркель на прэс-канферэнцыі па выніках свайго візіту ў Варшаву 11 верасня.

На яе думку, гэта азначае неабходнасць такіх формаў аховы гэтай часткі вонкавай мяжы ЕС, якія раней выкарыстоўваліся ў Грэцыі, з дапамогай агульнаеўрапейскага агенцтва Frontex.

«Гэта супольная мэта ўсіх краін ЕС», — падкрэсліла яна. Адсюль заклік да беларускага боку, каб ён апамятаўся; каб безабаронных людзей з іншых рэгіёнаў [планеты] не выкарыстоўвалі ў якасці інструментаў гібрыдных атак», — цытуюць канцлерку Меркель міжнародныя інфармацыйныя агенцтвы.

Афіцыйны Мінск сцвярджае, што мігранты маюць права на атрыманне прытулку дзе хочуць і заяўляе, што проста перасталі спыняць мігрантаў на подступах да межаў краін ЕС пасля таго, як Еўрасаюз у рамках санкцый супраць лукашэнкаўцаў перастаў фінансаваць пагранічныя праекты ў Беларусі.

Назіральнікі таксама звяртаюць увагу, што мігранты не хочуць заставацца ў квітнеючай і гасціннай Беларусі і стараюцца трапіць у краіны Еўрасаюза, якія, як сцвярджае беларуская прапаганда, ахопленыя крызісам.