Пра гэта гаворыцца ў статыстычным бюлетэні «Бізнэс-дэмаграфія ў Рэспубліцы Беларусь, 2021», паведамляе thinktanks.by.

У 2015 годзе ў краіне «нарадзілася» 8832 прадпрыемствы. Аднак да 2020 года з іх «выжыла» толькі 4 тысяч 594 прадпрыемствы або 52%. Найбольшую жывучасць прадэманстравалі кампаніі Гродзенскай вобласці. Там колькасць выжылых склала 60,9%. Найменшая выжывальнасць у фірмаў Магілёўскай вобласці — 49,3%. Доля прадпрыемстваў, якія былі зарэгістраваныя ў 2015 годзе і дажылі да 2020 у Мінску, супала з агульнабеларускім паказчыкам — 52%.

Як паказвае статыстыка, у 2020 годзе ў Беларусі зафіксаваны спад рэгістрацыі новых кампаній. Калі ў 2019 годзе ў краіне з'явілася 9293 новыя прадпрыемствы, то ў 2020 годзе — 7153. Спад быў зафіксаваны і сярод актыўна дзейных прадпрыемстваў. У 2019 годзе такіх было 106 916 адзінак, а ў 2020 — 104 877. У той жа час звестак па «памерлых» прадпрыемствах за 2020 год у статыстычным бюлетэні няма. Таму нельга зразумець, ці перавысіла ў пандэмійны год «смяротнасць» прадпрыемстваў іх «нараджальнасць».