Міністр заявіў, што прыйшла чацвёртая хваля каранавіруса.

«На жаль, халоднае надвор'е спрыяе росту захворвання. Зараз мы знаходзімся амаль на самых высокіх лічбах мінулых хваляў [ад 16 верасня ніжэй за 1967 выпадкаў на дзень не апускалася — НН]. Складанасць у тым, што гэтыя лічбы паўтараюцца з дня ў дзень, у тым ліку па шпіталізацыі.

Надзвычайнай сітуацыі няма, але патрабуецца напружанне сіл сістэмы аховы здароўя», — сказаў ён.

Дзмітрый Піневіч выказаўся і наконт вакцынацыі.

«Я паглядзеў цяжкіх пацыентаў у рэанімацыі і ў аддзяленнях — вакцынаваных людзей практычна няма. Калі размаўляеш з пацыентамі, пытаюся, чаму яны не вакцынаваныя. «Спадзяваўся на ўдачу», якое гучыць ад кожнага, хто знаходзіцца на рэанімацыйным або інфекцыйным ложку бальніцы, мяне моцна гняце».

«На сённяшні момант вельмі актуальная тэма ўсвядомленага прыходу да вакцынацыі — калі ты вакцынуешся, то абараняеш не толькі і не столькі сябе, ты абараняеш сваіх бацькоў, бабуль і дзядуляў. Ты ўносіш лепту ў перамогу над пандэміяй. Карыстаючыся выпадкам, яшчэ раз усіх заклікаю зрабіць усвядомлены выбар: вакцын шмат, яны розныя, мы чакаем усіх на прышчэпачных пунктах». — дадаў міністр.

***

Паводле звестак на пятніцу, першую дозу вакцыны атрымалі 1,852 млн беларусаў, 1,516 млн прайшлі поўны курс вакцынацыі. Гэта адныя з самых нізкіх лічбаў у Еўропе.