AFP

Мёртвых пінгвінаў выявілі актывісты, якія займаюцца абаронай птушак у Паўднёвай Афрыцы, піша Бі-бі-сі.

На іх целах знайшлі шмат пчаліных джалаў, але больш ніякіх фізічных траўмаў не было.

Пасмяротная экспертыза паказала, што смяротнымі сталі ўкусы ў вочы пінгвінаў.

«Гэта вельмі рэдкі выпадак, такое не часта здараецца», — адзначае ветэрынар Дэвід Робертс.

Таксама на месцы гібелі птушак знайшлі мёртвых пчол.

«Звычайна пінгвіны і пчолы нармальна суіснуюць», — сказала доктар Элісан Кок, марскі біёлаг з агенцтва нацыянальных паркаў Паўднёвай Афрыкі (SANParks).

«Пчолы не джаляць, калі іх не справакавалі — мы мяркуем, што хтосьці зачапіў гняздо або вулей у гэтым раёне. Гэта заахвоціла пчол пакінуць гняздо, сфармаваць рой і стаць агрэсіўнымі», — дадала яна.

«На жаль, пчолы сустрэлі групу пінгвінаў на сваім маршруце палёту».

Афрыканскія «чарнаногія» пінгвіны адрозніваюцца сваімі маленькімі памерамі. Яны жывуць на ўзбярэжжы і выспах Паўднёвай Афрыкі і Намібіі, але некаторых такіх птушак заўважалі ў Габоне.

Іх папуляцыя імкліва скарачаецца з-за рыбных промыслаў і змяненняў навакольнага асяроддзя.

Мядовыя пчолы таксама з'яўляюцца часткай мясцовай экасістэмы.