Clement Uwiringiyimana / Reuters

Суд у Руандзе прызнаў вінаватым у сувязях з тэрарыстамі і прысудзіў да 25 гадоў турмы Пола Русесабаджына, прататыпа галоўнага героя фільма «Гатэль «Руанда», які выйшаў у 2004 годзе пра генацыд у краіне, піша РБК.

Яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў тэрарыстычнай групе і ўдзеле ў тэрарыстычных дзеяннях, але апраўдалі паводле эпізоду аб стварэнні незаконнай узброенай групы.

У цэлым Русесабаджына абвінавачвалі па дзевяці эпізодах, уключаючы тэрарызм, падпал, утрымліванне закладнікаў. Пракуратура дамагалася пажыццёвага зняволення для яго. У выніку яго прызналі вінаватым па васьмі эпізодах.

Сам абвінавачаны прызнаваўся ў тым, што быў сярод кіраўнікоў апазіцыйнага руху «За дэмакратычныя змены (MRCD)», які крытыкуе прэзідэнта Поля Кагаме, але адмаўляў дачыненне да дзеянняў яго баявога крыла, Нацыянальнага вызвольнага Фронту (FLN). ФНЛ абвінавачваюць ва ўчыненні нападаў на тэрыторыі Руанды ў 2018 годзе, у выніку якіх загінулі дзевяць чалавек.

Русесабаджына адмаўляў высунутыя супраць яго абвінавачванні і заяўляў, што яго выкралі ў Дубаі раней у гэтым годзе, і сілком даставілі ў Руанду для ўдзелу ў судовым працэсе.

Падчас генацыду ў Руандзе ў 1994 годзе Русесабаджына (хуту) працаваў кіраўніком гатэля высокага класа ў сталіцы Кігалі. За некалькі гадоў да гэтага ў краіне пачалася грамадзянская вайна, падчас якой абвастрыліся супярэчнасці паміж двума народнасцямі: хуту і тутсі. У ходзе генацыду хуту пры падтрымцы ўладаў здзяйснялі масавыя забойствы тутсі, па розных ацэнках колькасць ахвяр склала ад 500 тыс. да 1 млн чалавек.

Русесабаджына даваў уцекачам, якія ратаваліся ад генацыду, прытулак у гатэлі, хаваў іх і забяспечваў усім неабходным. Па некаторых даных, ён выратаваў каля 1,2 тысячы чалавек.

Яго гісторыя легла ў аснову фільма «Гатэль «Руанда», дзе галоўную ролю выканаў Дон Чыдл, а таксама сыгралі Хаакін Фенікс і Жан Рэно. Фільм быў намінаваны на прэміі BAFTA, «Оскар» «Залаты глобус». Ён атрымаў тры прэміі «Спадарожнік», а таксама ўвайшоў у дзясятку найлепшых фільмаў года па версіі Нацыянальнага савета кінакрытыкаў ЗША.

Дон Чыдл у фільме «Гатэль «Руанда»

У 1990-х Русесабаджына перабраўся ў Еўропу, затым жыў у ЗША, а пасля выхаду фільма атрымаў сусветную вядомасць. У 2005 годзе прэзідэнт Джордж Буш уручыў Русесабаджына прэзідэнцкую медаль Свабоды, адну з двух найвышэйшых узнагарод ЗША для грамадзянскіх асоб.

Атрымаўшы вядомасць, Русесабаджына шмат ездзіў з лекцыямі і выступамі. Ён таксама актыўна крытыкаваў прэзідэнта Кагаме, заяўляючы, што той вінаваты ў парушэнні правоў грамадзян і рэпрэсіях супраць насельніцтва Руанды.