Аляксандра і Наталлю затрымалі 29 красавіка, калі «неабыякавая грамадзянка» паведаміла ў міліцыю, што невядомыя людзі малююць бела-чырвона-белыя сцягі на збудаваннях па вуліцы Багдановіча ў Мінску, паведамляе «Вясна».

Іх затрымалі, адразу былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы па арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне) нібыта за адмову прайсці ў службовы аўтамабіль. У РАУС у затрыманых канфіскавалі балоны з белай і чырвонай фарбай, а таксама налепкі з «незарэгістраванай сімволікай», знялі прызнальнае відэа. Суддзі Аляксандр Воўк і Сяргей Шаціла асудзілі адпаведна Шэпель і Фурса на 5 сутак арышту.

А потым была заведзена крымінальная справа за псаванне маёмасці, а дома ў іх прайшлі вобшукі.

На судзе Аляксандр Фурс віну прызнаў цалкам, сцвярджаў, што наносіў малюнкі толькі ён. Наталля Шэпель віну не прызнала, ад дачы паказанняў адмовілася.

У судзе дапыталі ў якасці сведкі Яўгенію Несцяровіч. Гэта яна тэлефанавала ў міліцыю. Пракурор прасіў суд прызнаць Фурса і Шэпель вінаватымі і прызначыць ім пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 150 базавых велічынь кожнаму (4350 рублёў).

У выніку суддзя Аляксандр Воўк такі і зрабіў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0