«Высокая цана на газ існуе толькі па спотавых кантрактах, гэта не доўгатэрміновыя кантракты, а тое, што прадаецца на біржы. Цана расце таму, што Еўрапейская эканоміка аднаўляецца пасля пандэміі, — кажа эканамічны аглядальнік Таццяна Манёнак. —

Таксама таму, што летась еўрапейцы ва ўмовах таннага газу разлічвалі, што цана будзе далей зніжацца, і не запоўнілі як след свае сховішчы — цяпер яны запоўнены прыкладна на 70%. Таксама амерыканцы адмовіліся ад паставак звадкаванага газу, ім стала выгадней прадаваць яго на азіяцкія рынкі, прагназуецца таксама халодная зіма — гэта ўсё адыграла ролю».

Але калі такія высокія кошты на газ, то чаму «Газпрам» зніжае пастаўкі праз газаправод «Ямал-Еўропа»? Расійскаму гіганту ж выгадна пастаўляць газ праз Беларусь?

«Газпраму» выгадна пастаўляць праз Беларусь, як бы там ні было. Выглядае, што гэта робіцца для таго, каб вырашыць праблемы з запускам «Паўночнага патоку — 2», — кажа Манёнак. — Бо хоць трубаправод дабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю, ён усё яшчэ не працуе праз бюракратычныя моманты, рускім хацелася б, каб Еўропа гэтыя моманты вырашыла хутчэй, і «Паўночны паток — 2» запусціўся і быў цалкам загружаны. Пастаўкі па доўгатэрміновых кантрактах як ішлі цераз Беларусь, так і ідуць.

Што мы губляем ад адмовы рэзервавання магутнасцяў «Ямал-Еўропы». Таццяна Манёнак кажа, што адносна ўсяго бюджэту краіны гэта невялікія грошы.

«Гэта не вельмі вялікія грошы адносна ўсяго бюджэту, таму што труба прададзена «Газпраму», ён плаціць толькі падаткі. Дарэчы, ні ў адной краіне Еўропы больш «Газпрам» не мае сваёй трубы, толькі на тэрыторыі Беларусі. Летась яны заплацілі каля 250 мільёнаў даляраў падаткаў, але трэба глядзець на гэта ўсё па выніках года, бо адмова ад дадатковага рэзервавання магутнасцяў пачалася не з пачатку года, а з лета», — адзначае эксперт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0