«Стрымліваць цэны азначае расстраляць рытэйл, — у той жа час кажуць «Нашай Ніве» рытэйлеры і пастаўшчыкі. — Адбываецца штотыднёвы рост цэн на паліва, павышэнне цэн на сыравіну і ўпакоўку.

Упакоўка ўвогуле асобная тэма, прадукты нафтахіміі сёлета выраслі ў цане на 40-70%. Індэкс будоўлі вырас на 40-70%, а ва ўсіх будаўніцтва, ва ўсіх інвестпланы. Дзікі расход сродкаў гігіены ў час эпідэміі. Вытворцам нічога не застаецца, як шукаць варыянты абыходу пастановы, бо трэба плаціць заробкі людзям і крэдыты банкам». 

Нам патлумачылі, як штучнае стрымліванне цэн адбіваецца на стане гаманцоў беларусаў, а таксама якія існуюць лайфхакі для абыходу абмежаванняў. 

«Найперш трэба разумець, што з умоўнай паўтары тысячы найменняў, якія прадаюцца ў супермаркеце, цэны нельга падымаць на 62. А гэта значыць, што «дабіраць» рытэйл усё адно будзе — проста на іншых прадуктах і напоях. Нельга падымаць цану на яйкі? Падымем на віно, вы ўсё адно заплаціце, гэта ілюзія», — кажа прадстаўнік рытэйлу. 

«Цяпер, напрыклад, на мяса і каўбасныя вырабы дазволілі падняць цану на 4,9%. Хтосьці гэтым карыстаецца і падымае прэйскурантную цану, паралельна адмяняючы акцыі.

То-бок у лютым атрымалася так, што ты ўзгадніў акцыю -20%, і тут набыла моц пастанова па абмежаванні цэн, і МАРГ тлумачыў: няважна — акцыя, не акцыя, цана на паліцы змяніцца не павінна. Атрымліваецца, цягам паўгода пастаўляўся тавар па акцыйнай цане або зусім не пастаўляўся. А цяпер некаторыя вырашылі пад тэму павышэння паспрабаваць адмяніць вось такія акцыі, што дае большы рост».

«Ёсць варыянт выпусціць аналагічны прадукт з падобнай назвай, неістотна змяніўшы рэцэптуру — гэта ўжо па ўсіх крытэрыях аказваецца новы прадукт, з новым дакументам якасці і цаной.

Атрымліваецца, цану мы не павышалі, а проста вывелі на рынак новы прадукт, — расказвае наш суразмоўца яшчэ адзін лайфхак. — Таксама пры кожным аблвыканкаме ёсць камісія, якая разглядае звароты аб падняцці цэн.

То-бок у рамках гэтай пастановы падвышаць можна, калі ты дакажаш абгрунтаванасць павышэння. Напрыклад, інгрэдыенты прадукту, якія мы імпартуем, падаражэлі на 55%. Тут выбар або здымаць тавар з продажу ўвогуле, або дамаўляцца аб узгадненні адпускной цаны».

Таксама суразмоўцы дадаюць, што ва ўмовах абмежавання складваецца дэфіцыт асобных тавараў. 

«Напрыклад, птушка — цяпер дэфіцыт, знайсці пастаўшчыка з добрымі аб’ёмамі — вялізная праблема. Чаму так адбываецца? Таму што няма сэнсу вытворцу прадаваць яе тут, дзе рытэйл нічога не можа заплаціць, бо прадае з рэгуляванай надбаўкай і ваюе з пастаўшчыкамі за працэнт. Птушка пайшла ў Расію, дзе плацяць больш, так мы на справе назіраем прывід позняга камунізму», — рэзюмуюць дзеячы рытэйлу. 

Чытайце таксама:

Мяса — амаль на 30%, малако — на 18%. Паглядзелі, як змяніліся цэны пасля «замарозкі»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?