«Так, непрыемна ўсё тое, што робяць еўрапейскія краіны ў частцы нашых прамысловых прадпрыемстваў. Але гэта якраз штуршок і магчымасць нашым прадпрыемствам паглядзець на пытанні імпартазамяшчэння, тэхнічных рашэнняў. Інакш кажучы, знайсці замену камплектуючых ад тых, хто кінуў нам пэўны выклік.

І сёння нашы канструктарскія школы вырашаюць такія задачы. Не хацелася б раскрываць цяпер нашы тэхнічныя планы, але мы будзем здзіўляць — і вас, і грамадскасць», — сказаў міністр.

«Няма ніякага сумнення, што з гэтымі санкцыямі прамысловыя прадпрыемствы Беларусі справяцца», — перакананы ён.

Сітуацыю ў цэлым у прамысловасці міністр ахарактарызаваў як кіруемую. Паводле слоў Пятра Пархомчыка, за 9 месяцаў года прадпрыемствы галіны выканалі ўсе паказчыкі, пры гэтым дэманструючы вельмі высокія тэмпы росту экспарту прадукцыі — амаль 139 працэнтаў.

«Прэзідэнтам было дадзена даручэнне: нягледзячы на ўсе складанасці бягучага моманту, захаваць аб'ёмы вытворчасці, экспарту на ўзроўні таго, што дасягнута па выніках 6 месяцаў. Гэта значыць мы фактычна за другое паўгоддзе павінны падвоіць вынікі прамысловых прадпрыемстваў Беларусі. У нас няма ніякіх сумненняў, што мы з пастаўленай задачай справімся», - лічыць кіраўнік Мінпрама.

Ён падкрэсліў, што абстаноўка на прадпрыемствах дзелавая, яны працуюць у штатным рэжыме. А звесткі аб нейкіх забастоўках, паводле яго слоў, ёсць толькі ў асобных Telegram-каналах.

Сярэдняя зарплата па Мінпраме вагаецца ад 1350 до 1400 рублёў. «Да канца года яна будзе ў межах 1400-1450, інакш кажучы, нязначна прырасце», — адзначыў Пятро Пархомчык. Важнымі фактарамі для работнікаў, акрамя памераў зарплаты, міністр лічыць своечасовасць яе выплаты, важкі сацыяльны пакет.

«Думаю, што гэтаму пакету могуць пазайздросціць любыя суб'екты гаспадарання — і расійскія, і іншыя замежныя… Таму што вельмі вялікая ідзе дапамога ў розных напрамках. Гэта і для моладзі, якая можа атрымаць сродкі для будаўніцтва кватэры. Гэта і ў галіне аздараўлення. І плюс яшчэ шэраг пытанняў, звязаных з падрыхтоўкай, навучаннем. Гэта ўсё робіцца за кошт прадпрыемстваў», — звярнуў увагу кіраўнік Мінпрама.