Дзмітрый Васільеў.
34-гадовага Дзмітрыя Васільева затрымалі ў Варшаве яшчэ ў жніўні, але польская газета Wyborcza даведалася пра гэта толькі цяпер.
Чуткі пра затрыманне Васільева хадзілі сярод былых кліентаў біржы Wex з канца жніўня. Блізкі знаёмы Васільева пацвердзіў Бі-бі-сі, што ён сапраўды пад арыштам у Варшаве.
Затрыманне адбылося ў аэрапорце Варшавы 11 жніўня, пасля чаго ён быў арыштаваны судом на 40 сутак. У Польшчы да яго прэтэнзій няма: па лініі Інтэрпола яго ўжо некалькі гадоў шукае Казахстан.
Цяпер польская пракуратура разглядае пытанне аб экстрадыцыі Васільева ў Казахстан, паведамляе Wyborcza са спасылкай на свае крыніцы.
Хто такі Дзмітрый Васільеў
Васільеў — ураджэнец Беларусі. Пасля пратэстаў 2020-га пераключыўся на сітуацыю ў роднай краіне і нават завёў свой ютуб-канал «Крыптапалітыка», дзе асвятляў падзеі ў Беларусі. Праўда, канал не выйшаў у топ: 360 падпісчыкаў і пяць відэа, самае папулярнае з якіх сабрала 4300 праглядаў.
У 2010-я Васільеў захапіўся крыптавалютамі, абслугоўваў буйных кліентаў з Кітая, якія гандлявалі на найбуйнейшай рускамоўнай крыптабіржы BTC-e.
Улетку 2017 года BTC-e зачынілася — пасля арышту ў Грэцыі аднаго з меркаваных адміністратараў біржы Аляксандра Вінніка. Увосень таго ж года яна перазапусцілася пад новай назвай Wex, а Васільеў стаў яе дырэктарам. Ён жа быў адзіным уласнікам афіцыйнай юрыдычнай асобы біржы — кампаніі з Сінгапура.
Па стане на канец 2017 года Wex замыкала другі дзясятак найбуйнейшых крыптабіржаў свету, сутачны абарот таргоў складаў 80 млн даляраў, пісаў РБК.
У канцы 2018 года Васільеў прадаў сінгапурскую юрыдычную асобу сям'і былога кіеўскага прадпрымальніка Дзмітрыя Хаўчанкі, які ваяваў на ўсходзе Украіны на баку прарасійскіх сепаратыстаў пад пазыўным «Марачок».
Бі-бі-сі пісала, што рэальным уласнікам Wex пры Васільеве мог быць жыхар Новасібірска Аляксей Білючэнка — партнёр арыштаванага ў Грэцыі Вінніка па BTC-e. А за «Марачком» мог стаяць расійскі прадпрымальнік Канстанцін Малафееў.
Сам Малафееў заўсёды адмаўляў, што меў дачыненне да Wex.
Пасля Wex Васільеў спрабаваў развіваць уласныя крыптапраекты, апошнім часам жыў у Пецярбургу.
У чым абвінавачваюць Васільева
Біржа Wex перастала працаваць летам 2017 года — яшчэ да куплі «Марачком». На момант краху на ёй захоўвалася крыптавалют на некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
Сярод кліентаў біржы няма адназначнай пазіцыі, хто можа быць вінаваты ў развале біржы. Адзін з былых укладчыкаў Wex з канца 2019 года, на працягу некалькіх месяцаў, паслядоўна паведамляў пра мініраванне судоў, школ і дзіцячых садкоў у Расіі, патрабуючы, каб Канстанцін Малафееў вярнуў яму 120 біткойнаў, якія ў яго захраслі на Wex.
Ва ўсіх выпадках інфармацыя аб мінаванні не пацвердзілася. На канец студзеня 2020 года агульная колькасць эвакуяваных на час праверак грамадзян склала 1,6 млн чалавек, пісаў Інтэрфакс. І гэта толькі ў Маскве.
Яшчэ адзін кліент біржы з Алматы напісаў заяву ў праваахоўныя органы Казахстана, абвінаваціўшы ўжо Васільева ў тым, што ён з дапамогай біржы Wex выкраў у яго 20 тысяч даляраў. Была ўзбуджана крымінальная справа, Васільева абвясцілі ў міжнародны вышук.
Першы раз па запыце Казахстана ён быў арыштаваны ў Італіі летам 2019 года, але праз некалькі тыдняў яго адпусцілі: сам Васільеў казаў Бі-бі-сі, што ў яго справе італьянцы знайшлі нейкія памылкі. Расійскі адвакат, знаёмы з гэтай справай, казаў, што памылкі былі ў запыце на экстрадыцыю.
Цяпер казахскія ўлады паспрабуюць экстрадзіраваць Васільева з другой спробы. У МУС Казахстана не адказалі на запыт Бі-бі-сі на момант публікацыі.