Усевалад Сцебурака. Дваццаць першы

А на вуліцы дваццаць першы

адчуваецца як трыццаць сёмы.

Кожны дзень у няпэўным кірунку

адбывае адзін твой знаёмы.

Хто дзе цяжка сказаць акрэслена —

на Акрэсціна ці ў Варшаве?

Людзі ў берцах стаяць абедні

Божай Маці ў балаклаве.

Прадчуваючы трыццаць сёмы

ажывіўся стукач у пад'ездзе,

і ўжо чарговы знаёмы

прызадумаўся аб ад'ездзе…

……..

Адчуваецца як трыццаць сёмы,

але ўсё-ткі яшчэ дваццаць першы.

Застаецца апошні знаёмы

і пакуль што не садзяць за вершы.

Антон Рудак. Гэты горад найбольш беспантовы…

гэты горад найбольш беспантовы з усіх беспартовых

і калі ты выходзіш на бераг яго замглёны

толькі чуюцца крыкі чаек і хваляў подых

прыбярэжная дымка ў абдымкі бярэ раёны

хай у мойраў з часоў герадотавых мы не ў фаворы

нам насуперак перагаворанаму ў герадота

у прасторы пустой гарадоў тваіх мроіцца мора

нескаронае не ператворанае ў балота

мы гісторыяй вечна асуджаныя на паўторы

а навокал пануе змрок і прыбой хаўтурны

і віруе глыбока засмучана наша мора

хвалі ў трумах хвалі ў трунах хвалі ў турмах

і калі нам здаецца што мы нібы тыя атланты

небаракі што самі сябе на дне пахавалі

мы з надзеяй на заўтра глядзім на планы і карты

як на ракавіны ў якіх адгукаюцца хвалі

Ірына Ляшкевіч. На кругі свае

Нішто не змяняецца ў свеце,

Вяртаецца ўсё з небыцця

Суседзі здаюць суседзяў,

А маці здае дзіця.

Найлепшым — пакуты Хрыстовы,

Праз іх пралягае твой шлях

Да Волі, да Праўды, да Мовы,

Да годнага сэрца ў грудзях.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?