Аўтары сюжэту сцвярджаюць, што мэтай «Рабочага руху» была арганізацыя забастовак на беларускіх прадпрыемствах, прамысловы шпіянаж, «дыверсійная дзейнасць» і «пагрозы кіраўніцтву, чыноўнікам, сілавікам». Таксама па дзяржканале заявілі, што арганізацыю кантралявалі спецслужбы ЗША і Літвы. У эфір выйшлі фрагменты канферэнцый у Zoom, у якіх розныя людзі кажуць пра страйкі ў Беларусі.
«Калі б рабочыя не выйшлі на страйк, напрыклад, «Гродна Азот» спынілі б, перакрыўшы водазабор. Гэта выклікала б аварыйнае прыпыненне вытворчасці», — паведаміў закадравы голас.
Па словах аўтараў сюжэту, адной з мэтаў «экстрэмістаў і іх замежных куратараў» быў «Гродна Азот». Аднак «сцэнары спынення цэхаў» распрацоўваліся і для іншых прадпрыемстваў, у іх ліку — «Нафтан», Беларускі металургічны завод, МАЗ, Мінскі завод колавых цягачоў, Беларуская чыгунка.
Таксама ў эфіры паказалі фрагмент допыту неназванага чалавека ў неназваным месцы. Допыт вёў невядомы са змененым голасам.
— Вайцяховіч абмяркоўваў з вамі пытанні здзяйснення ў дачыненні да аб'ектаў Беларускай чыгункі якіх-небудзь дзеянняў, звязаных з блакаваннем руху, нанясення маёмаснай шкоды? — спытаў чалавек за кадрам.
— Так, — адказаў чалавек у чырвонай куртцы.
— Якія пытанні абмяркоўваліся?
— Ну, закладкі класці.
«Распачата крымінальная справа адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: здрада дзяржаве і стварэнне экстрэмісцкага фарміравання. У СІЗА КДБ змешчаныя 13 чалавек. Большасць з іх ужо далі прызнальныя паказанні», — паведамілі ў тэлеэфіры.