Суд Чыгуначнага раёна Гомеля 24 верасня разгледзеў справу «Аб пераводзе ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і змяненні ўмоў рэжыму» для палітзняволенай грамадзянкі Швейцарыі Наталлі Хершэ. Справу суддзя Мікалай Крупадзёраў разглядаў на выязным пасяджэнні ў папраўчай жаночай калоніі, дзе Наталля адбывае тэрмін.

Брат палітзняволенай Генадзь Касьян сказаў, што ставіцца да такога рашэння суда як да катавання:

«Абсалютна незаконнае рашэнне і катаванне ў выглядзе ўмоваў утрымання. То-бок зачыняюць у клетку, хочуць такім чынам дасягнуць сваёй мэты: каб напісала памілаванне ці прызнала сваю віну».

Вядома, што Наталлю Хершэ тройчы ўгаворвалі напісаць заяву аб памілаванні на імя Лукашэнкі, але яна катэгарычна адмовілася рабіць гэта. Сваёй віны яна не прызнае.

За час зняволення Хершэ паспела ўжо пабываць у штрафным ізалятары (ШЫЗА) і памяшканні камернага тыпу (ПКТ) за адмову шыць форму для сілавікоў.

Чым турма адрозніваецца ад калоніі?

Калонія — гэта самае распаўсюджанае ў краіне месца адбыцця пакарання. У Беларусі цяпер 15 папраўчых калоній. З іх толькі дзве жаночыя — у Гомелі, дзе цяпер знаходзіцца Наталля, і ў Рэчыцы. У іх вязні ходзяць у сталовую, на працу, могуць выходзіць на закрытую тэрыторыю калоніі, а не знаходзяцца ўвесь час у камеры, як у турме.

У Беларусі тры турмы — у Гродне, Магілёве і Жодзіне. У турме, як і ў следчых ізалятарах, — камерная сістэма.

Гэта значыць, што вязняў трымаюць у закрытых памяшканнях цягам усяго дня, з невялікім (гадзінным) выхадам на прагулку ў турэмны дворык.

Калі ў следчым ізалятары трымаюць падазраваных, у дачыненні да якіх ідуць следства ці суд, дык у турме сядзяць тыя вязні, каго ўжо прыгаварылі судом да зняволення, але вырашылі даць яшчэ і закрыты турэмны рэжым за парушэнні падчас адбывання пакарання.

Чытайце таксама: У Мінск са Швейцарыі прылятаў самалёт. Але палітзняволеную Наталлю Хершэ не забраў