Пад забарону трапілі экскурсіі і ананімныя акцыі

У першыя дні пасьля выбараў у 30-тысячным Наваградку на вуліцу выходзілі 1-2 тысячы чалавек. Як і па ўсёй Беларусі, тут стаялі «ланцугі» жанчын у белым з кветкамі. Сыгналілі аўтамабілі. Міліцыянты адказвалі пратэстоўцам: «Жыве!». На руінах замку Міндоўга нехта неаднойчы вывешаў нацыянальны сьцяг.

У крымінальнай справе аб «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» і «абразе Лукашэнкі» летась у жніўні затрымалі двух наваградцаў, Дзяніса Кірэшчанку і Ўладзімера Гароха. Іх ужо асудзілі на 1,5 і 7 гадоў адпаведна. Іншых пратэстоўцаў рэгулярна затрымлівалі паводле «народнага артыкулу», тады яшчэ 23.34 КаАП. Агульны памер штрафаў у іх перавысіў 8 тысяч даляраў.

Калі ўвосень узмацніліся рэпрэсіі, наваградцы прыдумалі іншы спосаб быць разам і заставацца на вуліцы. Выходзілі ў цэнтар гораду пачытаць супольна «Народную волю».

Цягам некалькіх месяцаў штотыдзень легальна хадзілі на экскурсіі па горадзе. Кожны раз групу суправаджалі міліцыянты. Урэшце міліцыя прыйшла ў музэй, які ладзіў экскурсіі, затрымала супрацоўнікаў і ўдзельнікаў. Неўзабаве звольнілі дырэктарку музэю габрэйскага супраціву Тамару Вяршыцкую, якая падтрымлівала сувязі з габрэямі па ўсім сьвеце, а таксама не працягнулі кантракт супрацоўніцы гісторыка-краязнаўчага музэю зь вялікім досьведам Галіне Кавальчук. Экскурсіі трапілі пад забарону.

Група наваградцаў зь некалькіх дзясяткаў чалавек працягвала ладзіць акцыі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Здымалі фота, відэа, але ўжо з закрытымі тварамі. Калі чарговы ролік трапіў у сеціва, дадому да жанчын Наваградка стала прыходзіць міліцыя. Шукалі, каму належыць голас на відэа. Акцыі пасьля гэтага таксама прыпынілі.

Апошнія вядомыя затрыманьні актывістаў адбыліся сёлета ўлетку, калі тыя адпачывалі ў лесе на беразе ракі ў суседнім Дзятлаўскім раёне. На адным з намётаў лунаў нацыянальны сьцяг. У лес прыехала міліцыя. Уладальніку намёта Віктару Мацкевічу далі 30 дзён арышту. Пасьля гэтага аштрафавалі яшчэ і актывістку Ірыну Трафімік, якая стаяла побач і на просьбу міліцыянта занесла сьцяг у службовую машыну. Гэта палічылі пікетаваньнем.

Візыты міліцыі дагэтуль не спыняюцца. Прычым турбуюць ужо не мясцовыя, а дзятлаўскія.

«Бо ім, відаць, няма чаго рабіць у сваім раёне», — мяркуюць наваградцы.

Прыкладам, нядаўна шукалі, хто абразіў судзьдзю; у адной з жыхарак Наваградка зладзілі ператрус, забралі тэхніку амаль ва ўсіх ейных сваякоў, хаця яна ня мела ніякага статусу ў справе.

Некалькі чалавек пасьля ператрусаў і заведзеных справаў зьехалі за мяжу.

«Міліцыянты паводзяць сябе так, быццам нічога не было»

Мясцовыя жыхары расказваюць, што на пачатку пратэстаў некаторыя міліцыянты жартавалі з пратэстоўцамі і выгуквалі іхныя ж лёзунгі. Цяпер таксама хтосьці зь сілавікоў можа прыязна ўсьміхнуцца і прывітацца на вуліцы з актывістамі. Аднак у цэлым у невялікім гарадку адчуваецца падзел на «пратэстоўцаў» і «ябацек».

«У людзей вочы раскрыліся. Апошні год зрабіў чыстку ў маім асяродзьдзі. Зь некаторымі сваякамі мы сталі камунікаваць толькі на сьвяты або проста шлём стыкеры ў мэсэнджарах. Незнаёмыя людзі сталі бліжэй, чым сваякі. Адкрылася тое, што было схавана», — камэнтуе суразмоўца.

«Мы ж ходзім у адну паліклініку, наведваем тыя ж крамы. Міліцыянты паводзяць сябе так, нібыта нічога не было, быццам яны проста рабілі сваю працу», — кажа адна з жыхарак райцэнтру.

«Людзі пачалі дапамагаць адно аднаму»

Мясцовыя актывісты мяркуюць, што пратэст перайшоў у іншы фармат. «Партызаны» працягваюць расфарбоўваць горад у пратэставыя сымбалі, хоць і ня так актыўна, як раней.

«Адны баяцца. Другія чакаюць, каб хтосьці іншы нешта зрабіў. Мне міліцыянт кажа: «Чаго вы ходзіце? Вам больш за ўсіх трэба? Вас 30 чалавек. Астатнія ўсе задаволеныя». А я яму кажу: «Астатнія сядзяць дома і вызіраюць з-за фіранак, хто іншы што зробіць»», — расказвае наваградзкі актывіст.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?