Скачкі на прыз прэзідэнта Расіі сабралі 18 ліпеня, мякка кажучы, сціплую кампанію ганаровых гасцей. І хоць гэтым разам збору не надаваўся статус саміту СНД без гальштукаў, кожны з запрошаных Мядзведзевым па-свойму адказаў на фірмавае расійскае пытанне: «Ты мяне паважаеш?». Лукашэнка скачкі праігнараваў.

Выйграў спаборніцтва расійскі жарабок Манамах. Увогуле ж гэтае мерапрыемства адлюстравала правал расійскай палітыкі на абсягу СНД, мяркуюць назіральнікі.

Паказальна, хто прыехаў, а хто не прыехаў на скачкі. Іначай кажучы, хто закусіў цуглі.

На запрашэнне Мядзведзева адгукнуліся прэзідэнты Арменіі, Азербайджана, Казахстана, Малдовы, Таджыкістана. Першыя двое абмеркавалі пры пасярэдніцтве расійскага калегі карабахскую праблему. Назарбаеў не прамінуў зноў паказаць сябе найлепшым інтэгратарам (хаця насамрэч і ў яго з Масквой не ўсё гладка). Кішынёў і Душанбэ цалкам залежаць ад крамлёўскай эканамічнай ласкі.

У той жа час Юшчанка, які толькі што абвесціў намер зноў балатавацца ў прэзідэнты, дэманстратыўна выбраўся ў Карпаты.

Паміж Туркменістанам і Крамлём — сур’ёзныя супярэчнасці на газавай глебе. Пакрыўджаны Ашхабад, здаецца, даспявае да ўваходжання ў праект «Набука», які дазволіць пампаваць газ у Еўропу ў абыход Расіі.

Знайшоў адгаворку кіргізскі кіраўнік. Бішкек нядаўна прадынаміў Маскву, зноў даўшы базу амерыканскім летунам.

Далей: узбекскі аўтакрат Карымаў даўно адышоў ад шоку андыжанскай бойні, калі давялося прытуліцца да Крамля, і зноў вядзе сваю гульню, у прыватнасці з тымі самымі Штатамі. Паказальна, што Узбекістан, як і Мінск, не падпісаў пагадненне аб КСАР АДКБ (пры тым што менавіта Карымаў лабіяваў гэтую ідэю пасля падзей у Андыжане ў 2005 годзе).

А вось малдаўскі прэзідэнт Варонін, наадварот, лавіў на скачках свой шанец перад вырашальнымі для яго паўторнымі парламенцкімі выбарамі, прызначанымі на 29 ліпеня. Лідэр камуністаў прагне давесці, што здольны прабіць у Маскве фінансава-эканамічную падтрымку.

З ласкі Пуціна Малдове засвяціў крэдыт на паўмільярда долараў (акурат столькі ж «недадалі» Беларусі з абяцаных двух мільярдаў, што Лукашэнка ў інтэрв’ю Die Presse паабяцаў надоўга запомніць). Сімптомам пацяплення ў стасунках між Кішынёвам і Масквой стала і тое, што раптам падабрэў галоўны санітарны доктар Анішчанка, які раней ваяваў супраць малдаўскага віна. Цяпер яго дазволена гнаць у Расію цыстэрнамі.

Беларусаў жа той самы Анішчанка працягвае страшыць другой малочнай вайной. У пятніцу Лукашэнка адмыслова папярэдзіў сваіх чыноўнікаў, каб да 1 жніўня ўтрэслі ўсе пытанні з тэхрэгламентам на тыя сыры-тварагі. Амбасадар Сурыкаў насуперак заявам Лукашэнкі працягвае цвердзіць, што беларусы самі прапанавалі спіс малаказаводаў на продаж.

Зрэшты, малочная вайна — толькі адна з праяў сістэмнага крызісу двухбаковых дачыненняў. І пачаўся ён не ўчора. Сімвалічная фраза Пуціна пра мух і катлеты пагучала ў 2002 годзе. Тады ж Лукашэнка заявіў: Беларусь ніколі не стане 90-м суб’ектам РФ.

Дарэчы, летапіс скачак на прыз прэзідэнта Расіі яскрава ілюструе, наколькі пакручастымі былі дачыненні Крамля з беларускім партнёрам усе гэтыя гады.

Калізія ўзнікла ўжо ў звязку з першымі такімі скачкамі ў 2004 годзе (заўважце: неўзабаве пасля першай жа газавай вайны). Пуцін запрасіў беларускага калегу на 3 ліпеня, выдатна ведаючы, што ў той самы дзень — парад у Мінску.

Натуральна, Лукашэнка выбраў ролю першай асобы на афіцыйным Дні незалежнасці, а не ролю статыста на чужым іпадроме.

У 2005 годзе скачкі, да якіх прывязалі нефармальны саміт СНД, ладзіліся ў Казані. Вось там Лукашэнка і наведаў іпадром. Паказальна, што двухбаковая сустрэча тады ў яго была не з Пуціным, а з Юшчанкам.

У 2006 годзе скачкі-саміт зноў адбыліся ў Маскве. Тут ужо Лукашэнка ўжыў прынцып «мухі асобна, катлеты асобна». То бок пабыў на саміце, а на конскія спаборніцтвы не застаўся. Маўляў, сябра Чавес прылятае ў Мінск — няма калі тут бавіцца.

Цікава, што цераз год на скачках у Растове-на-Доне прысутнічаў усюдыісны Чавес :) — а вось ягоны мінскі аміга не прыляцеў.

Нарэшце, летась скачкі аказаліся скамечанымі праз вайну на Каўказе. Мерапрыемства прайшло ў Пяцігорску ўвогуле без прэзідэнтаў, выключна дзеля птушачкі.

Такім чынам, за ўсю гісторыю гэтых скачак Лукашэнка прысутнічаў на іх толькі аднойчы, ды і тое было не ў Маскве, а ў татарскай сталіцы. Але калі раней адгаворкі прымаліся расійцамі стрымана, то цяпер тэза «не любіць коней» выклікае сарказм.

Дачыненні між Лукашэнкам і расійскім кіраўніцтвам як ніколі кепскія. Толькі што адгрымела малочная вайна (і Анішчанка намякае на працяг). У чэрвені Лукашэнка байкатаваў саміт АДКБ, і яго рашэнні дасюль вісяць у паветры.

Нарэшце, на скачкі гэтым разам нароўні з лідэрамі краін СНД былі запрошаны Багапш з Какойты. А вы ж ведаеце, што для беларускага начальства пытанне аб прызнанні дзвюх маленькіх, але гордых каўказскіх рэспублік — як горкая рэдзька. Хапіла ўжо таго, што ў Сочы Лукашэнку ладзілі вочную стаўку з тымі каўказскімі лідэрамі. Пэўна ж і ў Маскве састыкавалі б. Карацей, ведаем мы вашы скачкі: кось-кось — ды ў аглоблі!

Ужо адна толькі тэлекарцінка такой «стыкоўкі» — мінус у вачах Еўропы. І потым, гэта выглядала б як дрэсіроўка беларускага кіраўніка з прыцэлам на будучыя саміты саюзнай дзяржавы, у якую мараць уступіць Абхазія з Паўднёвай Асеціяй.

Калі ж глядзець глабальна — ні ў Мінска, ні ў Масквы няма рэальнай, працоўнай стратэгіі двухбаковых дачыненняў. У беларускага начальства стратэгія заўжды была адна — браць на дурніцу. Сёння з Крамля кажуць: абламайцеся! Там пераканаліся, кажучы іпадромнай мовай, што не ў каня корм. Але і Крэмль, у сваю чаргу, не ўяўляе, што рабіць з гэтай Беларуссю. Таму то наязджае ў духу браткоў, то зноў дастае пернік.

Маскоўская прэса, ківаючы на куртаты склад ганаровых гасцей скачак, гаворыць аб правале палітыкі Крамля на постсавецкай прасторы. Між іншым, летась Мядзведзеў аб’явіў стасункі з краінамі СНД прыярытэтам замежнай палітыкі. Але ў жніўні грымнула вайна з Грузіяй, і ўсё пайшло наперакасяк.

Мінск жа ў выніку той вайны атрымаў нечаканы падарунак — новую, прагматычную лінію ЕС у беларускім пытанні. Год таму цяжка было ўявіць сабе Беларусь у такім праекце, як «Усходняе партнёрства». Пацяпленне стасункаў з Захадам дае Лукашэнку новыя карты ў рукі.

І яшчэ штрых. На нядаўніх перамовах у Маскве «гаспадары пляцоўкі» спрабавалі выціснуць з Абамы прызнанне «асаблівых інтарэсаў» Расіі у так званым блізкім замежжы. Наколькі можна меркаваць, Абама постсавецкую прастору не «здаў». І гэта таксама плюс для Беларусі.

Што ж да інтрыгі вакол скачак, то Лукашэнку падказалі арыгінальны піяр-ход. У выніку ён мала таго што праігнараваў запрашэнне Мядзведзева, дык яшчэ і сустрэўся 18 ліпеня з байкерамі, што выбраліся у Мінск на фестываль з розных краін Еўропы і нават ЗША.

Гэта вам не банальныя «Дажынкі» і не прапахлы нафталінам «Славянскі базар»! Крутыя маладзёны падарылі афіцыйнаму кіраўніку куртку з байкерскай сімволікай і прапанавалі ўзначаліць іхні парад. Што ён і зрабіў, праімчаўшыся са сваім Колем на легендарным «Харлеі-Дэвідсане».

Раней Лукашэнка не заўважаўся ў падгульванні субкультурам заходняга паходжання. Але тут, мусіць, важна было давесці крамлёўцам: вашы сярэднявечныя ўцехі мяне не грэюць — я аддаю перавагу сапраўднаму драйву на жалезным кані!
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?