— Наша рэвалюцыя беларуская амаль выключна гарызантальная, яна адбываецца фактычна без лідараў, таму што іх альбо саджаюць, альбо выціскаюць з краіны, альбо ўсялякім чынам замінаюць кантактаваць, арганізоўваць грамадства.

Таму наша суб'ектнасць пакуль размеркаваная, яна гарызантальная, — лічыць навуковец. — Звычайна ўсё робіцца ў іерархіі: ёсць лідар, у яго ёсць каманда, нейкія арганізацыі — усё гэта ідзе да грамадства, людзі слухаюць, што ім кажуць, і выконваюць.

У нас гэтага не здарылася, хоць ёсць шэраг арганізацый і мы бачым, што для таго стану, у якім яны знаходзяцца, з тым абмежаваным рэсурсам яны робяць надзвычай шмат. Рэспект ім і, як кажуць, «уважуха».

«Вынішчаецца любая кропка, патэнцыйная нават, любой супольнай дзейнасці»

Па словах Коршунава, цяпер у Беларусі вынішчаюцца не толькі спробы самаарганізацыі:

— Вынішчаецца любая кропка, патэнцыйная нават, любой супольнай дзейнасці, якая хоць крыху адрозніваецца ад афіцыйнай. Але гэтую размеркаваную субʼектнасць знішчыць нельга.

Адзінае, што можа рабіць улада і што яна робіць, — яна вынішчае любыя магчымасці гэтай гарызантальнай субʼектнасці сканцэнтравацца на нечым, зрабіць нейкую агульную дзею. У чым моц гэтай гарызанталі? Яе знішчыць нельга.

 «Большасць тых, хто падтрымлівае яе [уладу], робяць гэта са страху»

 Шмат размоў сёння і пра тое, што грамадства падзеленае. Але тут шмат нюансаў, асабліва калі гаварыць пра тых, хто «ні за тых, ні за тых».

— Калі казаць пра лічбы, тут вельмі цікавая рэч: грамадства падзеленае дзесьці 35-40 адсоткаў тых, хто падтрымлівае пратэст, каля 25-30 адсоткаў тых, хто падтрымлівае ўладу, але «жорсткіх» прыхільнікаў улады 15-20%, астатнія падтрымліваюць уладу таму, што не бачаць альтэрнатывы.

Чытайце таксама: «Мы зрабілі памылку, што не стварылі альтэрнатыўных інстытутаў улады». Пра што Ціханоўская і Латушка казалі на канферэнцыі беларусаў свету

А вось тых, хто не падтрымлівае ні тых, ні тых, з аднаго боку, можна зразумець. Яны, хутчэй за ўсё, галасавалі супраць Лукашэнкі, але яны не думалі, што ўсё будзе так доўга. Яны думалі: прагаласавалі, Лукашэнка сыдзе, і ўсё будзе добра…

Гэта людзі, якія засяроджаны на паўсядзённасці. Я думаю, што зараз даволі цяжка будзе іх неяк ускалыхнуць… Цэны растуць, пытанні з працай ёсць, асабліва ў рэгіёнах. Добрая частка людзей адыходзіць ад пытанняў палітыкі, перамен да пытанняў паўсядзённасці.

Яны будуць займацца пытаннямі выжывання. Таму што жыццё даражэе, а неяк трэба карміць сямʼю. Яны не тыя, хто супраць чагосьці, яны засяроджваюцца на сабе.

Але Коршунаў упэўнены, што разлом найперш ёсць паміж большай часткай грамадства і ўладай.

— Таму што большасць тых, хто падтрымлівае яе [уладу], робяць гэта са страху. Іх нішто акрамя гэтага не яднае. А тых, хто супраць улады, яднае шмат чаго. Шчырай падтрымкі ўлады я не бачу.

«Усе мы губляем перш за ўсё час, таму што ідзе разбурэнне дзяржавы»

Канстатуе ён і наступнае: насамрэч шмат у каго праз падзеі, якія адбываліся апошнія паўтара года, ёсць траўма — яна ёсць у грамадства ў цэлым. Але ставіцца навуковец прапаноўвае да гэтага так: траўма — гэта досвед, які мацуе кожнага паасобку і ўсіх разам.

Нехта спрабуе выратавацца ў тым ліку ад гэтай траўмы праз міграцыю. Адказваючы на пытанне пра яе, Коршунаў прызнае:

— Зразумела, Беларусь губляе шмат цяпер. Усе мы губляем перш за ўсё час, таму што ідзе разбурэнне дзяржавы. Улада разбурае нашу дзяржаву і нашу будучыню.

Але ёсць і пазітыўны пункт гледжання.

— І даследаванні паказваюць, і асабісты досвед: добрую частку сваіх высілкаў яны кладуць не на сябе, нават не на сваю сямʼю, але на будучыню. Людзі працуюць на Беларусь. Укладваюцца, часам фінансава, у нашу будучыню агульную. Зразумела, з цягам часу ўсё больш будуць асядаць, вернуцца не ўсе.

У якасці прыкладу Коршунаў прыводзіць тых, хто зʼехаў дзесяць-пятнаццаць гадоў таму: шмат хто з іх не парывае з Беларуссю.

Адсюль і такая выснова: «Нават тыя, хто не вернецца, будуць лічыць справай гонару дапамагаць будаваць новую краіну, новую дзяржаву».

Чытайце таксама: «Калі ты ў паніцы, нельга пераходзіць мяжу». Гутарка з акцёрам Іллём Ясінскім, якому на маршы зламалі пазванкі, а пасля завялі крыміналку

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?