Валянцін Стэфановіч піша, што адчувае вялікую падтрымку ад блізкіх, калегаў і неабыякавых людзей, але ўсё роўна сумуе па сям'і:
«Нават седзячы тут і не маючы поўнай інфармацыі, адчуваю вялікую падтрымку на волі. То невядомыя людзі грошай на рахунак закінуць, то ў пасылцы яблыкаў дашлюць. Ведаю, што і калегі мае пра мяне не забыліся. Ад гэтага сядзець мне тут значна лягчэй. Хаця, вядома, усё адно сумую па табе і па дзетачках».
Праваабаронца падзяліўся, што ўспрымае сваё зняволенне як творчую камандзіроўку:
«Паколькі большасць часу я вымушана праводжу ў замкнёнай прасторы з яшчэ 11-12 чалавекамі, то я шмат размаўляю і слухаю розныя гісторыі.
Вядома, шмат вельмі смешных назіранняў і гісторый тут пабачыў і пачуў. Гумар — вельмі моцная рэч, я гэта заўсёды ведаў і гэта тое, што я моцна цаню і люблю. Калі мы зноўку будзем разам, я абавязкова буду распавядаць іх табе. Асэнсаванне гэтага ўбачанага, пачутага і перажытага трэба будзе выкласці на паперы. Верагодна, у выглядзе кароткіх апавяданняў ці навэл. Так што, можна сказаць, я тут у нейкім сэнсе ў творчай камандзіроўцы».
Вясновец у лісце распавёў, як яго публічныя лекцыі маюць вялікі попыт у камеры:
«Таксама я і тут удасканальваю свае навыкі выкладчыка. Малюю мапы Еўропы часоў Першай сусветнай і распавядаю пра гісторыю гэтай вайны. Учора, напрыклад, пра Ціхаакіянскі тэатр баявых дзеянняў у часы Другой сусветнай вайны [распавядаў].
Таксама намаляваў для лепшай нагляднасці мапу. Іншым разам распавядаў пра войны ў Індакітаі. Мае публічныя лекцыі маюць вялікі попыт і інтарэс. Просяць [сукамернікі] распавядаць яшчэ. Так што я тут ліквідую прабелы ў адукацыі».
Валянцін напісаў жонцы Аліне, што марыць з ёй адправіцца ў вандроўку:
«Калі будзем разам, то я распавяду табе розныя цікавосткі і мае назіранні. Ты ж ведаеш, што я паўсюль знайду нешта цікавае і цікавых людзей. У маіх марах мы зноўку едзем з табой кудысьці, слухаем нашую любімую музыку і шмат гаворым. Я вельмі люблю так вандраваць з табой, магу ўсю планету так аб’ехаць. Усё яшчэ будзе, мы зноўку будзем разам і ўжо больш ніколі не будзем расставацца на ўсё доўгае-доўгае жыццё».
Праваабаронца распавёў пра малюнкі-прыгоды кісуна, якія не прапусціў цэнзар на волю:
«Тут ужо ўключылі ацяпленне і ў нас вельмі цёпла цяпер. Да нас пад акно прыходзіць коцік, а нядаўна котка з кацянятамі прыходзіла. Іх тут на кухні, відаць, падкормліваюць. Я вось неяк намаляваў табе маё жыццё ў карцінках у выглядзе кісуна.
На адной з карцінак ён быў на шпацыры ў турэмным дворыку, на іншай — у душы мыўся, а на трэцяй — сядзеў у камеры за сталом і вячэраў. Вельмі смешна атрымалася, але вось мясцоваму цэнзару гэтыя малюнкі не спадабаліся і ліст мне вярнулі назад з паметкай «Не прайшоў цэнзуры». Не любяць тут жартаў, карацей».
- СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк)
- СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А (Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца)