Так раслі цэны на газ у Еўропе.

Так раслі цэны на газ у Еўропе.

Пакуль сусветная эканоміка аднаўляецца пасля каранавіруса, Еўропа рызыкуе сутыкнуцца з запаволеннем актыўнасці, паколькі высокія цэны на энергарэсурсы стрымліваюць аднаўленне гаспадаркі.

Але цярпіць не толькі еўрапейская эканоміка — высокія цэны на газ таксама шкодзяць звычайным спажыўцам газу ў дамашніх гаспадарках, якія выкарыстоўваюць яго для гатавання ежы і ацяплення дамоў.

Высокія плацежкі за газ правакуюць сацыяльную і палітычную нестабільнасць у Еўропе. У многіх краінах істотна падаражэла электраэнергія, бо менавіта з прыроднага газу робяць вялікую долю электрычнасці ў Еўропе.

Еўрапейская асацыяцыя вытворцаў сталі папярэдзіла, што прадпрыемствы становяцца глабальна неканкурэнтаздольнымі. Вытворцы металаў просяць дзяржавы аб дапамозе. Вытворцы ўгнаенняў, якія выкарыстоўваюць газ у якасці сыравіны, скарачаюць свае аб'ёмы. З-за росту цэн на газ угнаенні становяцца нерэнтабельнымі.

Дайшло да таго, што брытанскі ўрад пагадзіўся субсідаваць буйнога амерыканскага вытворцу ўгнаенняў, каб зноў запусціць прадпрыемствы па выпуску харчавання.

З праблемамі сутыкнуліся таксама вытворцы мікрасхем і бытавой тэхнікі.

Фота Надзеі Бужан.

Фота Надзеі Бужан.

Сітуацыя ўнікальная: калі ў звычайныя часы газ з’яўляецца таннейшым палівам у параўнанні з нафтай (у пераліку на адзінку энергіі), то зараз газ каштуе ў «нафтавым эквіваленце» больш за 150 даляраў за «бараль» — нашмат даражэй за чорнае золата.

На фоне цэн на газ вырасла і нафта, упершыню за 3 года яна пачала таргавацца за 80 даляраў за бараль. 

У Італіі міністр па справах экалагічнай трансфармацыі ўжо папярэдзіў грамадзян аб тым, што найбліжэйшыя месяцы іх камуналка павялічыцца на 40%.

Францыя заявіла, што накіруе аднаразовыя выплаты ў памеры 100 еўра больш чым 5,8 мільёна сем'яў з нізкімі даходамі.

У Іспаніі ўрад паабяцаў знізіць цэны да ўзроўню 2018 года. 

Высокі попыт, нізкая прапанова і інтарэс Расіі

Попыт на газ звычайна нізкі ў летнія месяцы, таму такі дэфіцыт ужо ў жніўні-верасні з’яўляецца незвычайным, і толькі ўзмацняе трывогу адносна будучай зімы.

Еўрапейскія краіны сутыкнуліся з сітуацыяй, якую можна патлумачыць вельмі проста: высокі попыт і невялікая прапанова.

Высокі попыт выкліканы аднаўленнем еўрапейскай (і не толькі) эканомікі пасля пандэмійнага лакдаўну, а таксама вычарпаннем запасаў у газасховішчах у халодную зіму і вясну 2020-2021 гадоў.

Пры гэтым еўрапейскія энергетычныя кампаніі слаба запаўнялі сховішчы летам 2021 года. Яны не хацелі гэтага рабіць, бо газ быў дарагі ўжо летам. І яны да апошняга чакалі, што ён патаннее, і запоўніць сховішчы можна будзе пазней. 

Некаторыя эксперты мяркуюць, што падліць алею ў агонь магла і Расія, якая спецыяльна не хоча пагасіць дэфіцыт газу ў Еўропе, каб стымуляваць еўрапейцаў хутчэй запусціць у эксплуатацыю «Паўночны паток — 2».

Але цалкам магчыма, што вольнага газу ў расійскага газавага манапаліста сапраўды няма. Да таго ж расійская газавая кампанія сама пацярпела ад пажару, які здарыўся на перапрацоўчым заводзе ў Сібіры. «Газпрам» забраніраваў на кастрычнік толькі траціну наяўных транспартных магутнасцяў па сваім трубаправодзе «Ямал» і ніякіх дадатковых паставак па ўкраінскім трубаправодзе.

Еўропа стала яшчэ больш залежнай ад Расіі ў галіне энергетыкі, таму што Вялікабрытанія і Германія забаранілі ў сябе здабычу сланцавага газу.

Заканадаўцы ЕС заклікалі Еўрапейскую камісію расследаваць, ці не былі паводзіны кампаніі накіраваны на маніпуляцыю рынкам, і ці не з’яўляецца гэта ціскам на рэгулюючыя органы, каб яны хутчэй ухвалілі запуск «Паўночнага патоку — 2». Бо апошні якраз патрапіў пад санкцыі ЗША. 

Фармальна Расія нічога не парушала, «Газпрам» працягвае выконваць свае абавязкі па доўгатэрміновых кантрактах. Але агулам цяперашняя сітуацыя выгадная Расіі, нават калі яна яе і не справакавала спецыяльна.

Хуткі запуск газаправода «Паўночнага патоку — 2» можа дапамагчы знізіць рэкордна высокія цэны на газ у Еўропе, заявіў журналістам прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў.

Таксама Пуцін звярнуў увагу на тое, што зараз у выгадным становішчы аказаліся спажыўцы газу па доўгатэрміновых кантрактах. А таксама раскрытыкаваў еўрапейскіх чыноўнікаў за спотавыя кантракты ( гэта такая ўгода, пры якой купляюць невялікую колькасць тавару і адразу за яе разлічваюцца — заўв. «НН»).

«Гэтыя разумнікі яшчэ ў мінулым складзе Еўракамісіі прыдумалі рынкавае цэнаўтварэнне на газ. А вось вынік вам, — канстатаваў кіраўнік расійскай дзяржавы. — А ў нас іншы падыход, у нас таксама рынкавае цэнаўтварэнне, гэтая цана прывязаная да цаны на нафту. Ніхто яе не рэгулюе, рынак рэгулюе, але ваганні ідуць значна мякчэй».

Графікі паказваюць, як мяняліся за апошнія гады загружанасць газавых сховішчаў у Еўропе (графік злева), а таксама як мяняліся за апошнія гады аб'ёмы паставак расійскага газу.

Графікі паказваюць, як мяняліся за апошнія гады загружанасць газавых сховішчаў у Еўропе (графік злева), а таксама як мяняліся за апошнія гады аб'ёмы паставак расійскага газу.

Рыторыка Пуціна зразумелая, бо Расія (як і іншыя экспарцёры газу) заўсёды зацікаўлена не ў спотавых, а ў доўгатэрміновых кантрактах (нават калі яны не такія выгадныя).

Дэстабілізавала сітуацыю на газавым рынку таксама датэрміновае закрыццё (на 8 гадоў раней за планаваны тэрмін) нідэрландскага газавага радовішча Гронінген, аднаго з найбольшых у Еўропе. 

Халодная зіма і дарагі вугаль

Яшчэ адна праблема — сіноптыкі прагназуюць у Еўропе халодную зіму. Урад Брытаніі імкнецца супакоіць грамадства, маўляў, запасаў газу дастаткова, каб не дапусціць масавых адключэнняў у стылі 1970-х гадоў, але нізкія тэмпературы зімой могуць узмацніць крызіс.

Крызіс толькі падсілкоўваецца дэфіцытам электраэнергіі ў Кітаі і ростам там цэн на вугаль, што адбылося на фоне спроб Пекіна абмежаваць выкарыстанне шкодных для прыроды вуглевадародаў.

Звычайна еўрапейскія камунальныя прадпрыемствы рэагуюць на высокія цэны на газ, выкарыстоўваючы больш вугалю. Але цэны на вугаль таксама знаходзяцца на рэкордным узроўні.

Пры гэтым кошты еўрапейскіх дазволаў на выкіды вугляроду, якія даюць уладальніку права вылучаць пэўную колькасць парніковых газаў, таксама рэкордна дарагія. А паколькі пры спальванні вугалю вылучаецца больш парніковых газаў, чым пры спальванні прыроднага газу, дарагія дазволы на выкіды вугляроду робяць спажыванне вугалю таксама далёка не танным. 

Чаму Еўропа зараз не можа экспартаваць газ з іншых частак свету? У ЗША ён таксама дарагі?

Цэны на газ у ЗША таксама выраслі, але не так крытычна. Газ у Паўночнай Амерыцы зараз у 4 разы таннейшы за газ у Еўропе.

Амерыка перажыла сапраўдны бум таннага сланцавага газу, і стала яго экспарцёрам, у адрозненне ад Еўропы, якая газ пераважна імпартуе.

Здавалася б, чаму ва ўмовах дэфіцыту не пастаўляць амерыканскі газ у Еўропу, каб стабілізаваць баланс попыту і прапановы, а таксама цэны? Не ўсё так проста.

Рэч у тым, што ў адрозненне ад нафтавага рынку (які з’яўляецца адзіным, сусветным і глабальным), адзінага газавага рынку проста не існуе. Ізалявана існуюць еўрапейскі, амерыканскі і азіяцкі рынкі, якія маюць розныя прынцыпы дастаўкі паліва і фармавання цаны.

І калі ў нейкай краіне ўзнікае дэфіцыт нафты праз недапастаўкі ад асноўнага экспарцёра, то не праблема купіць гэтую нафту на біржы, у іншага прадаўца (танкерныя перавозкі нафты надзвычайна танныя), а вось з газам так не працуе.

На газавых рынках імпарцёры нашмат больш залежаць ад экспарцёраў, больш прывязаныя да іх, прывязаныя да інфраструктуры транспарціроўкі (газаправодаў ці суднаў са звадкаваным газам).

Агулам сама транспарціроўка прыроднага газу нашмат больш дарагая і складаная працэдура, чым транспарціроўка нафты, таму хуткага пераарыентавання на амерыканскі газ тут быць не можа.

Існуюць, канечне, танкерныя перавозкі звадкаванага газу з ЗША, Катару і іншых краіны, але яны кардынальна сітуацыю не зменяць. Іх цяпер задзейнічалі для перавозак на азіяцкі рынак, які зараз таксама перажывае дэфіцыт энергіі, выкліканы засухамі на гідраэлектрастанцыях.

У дадатак ЗША сутыкнуліся з ураганамі ў раёне Мексіканскага заліву, што таксама абмяжоўвае магчымасці для паставак звадкаванага газу ў Еўропу.

Ну і агулам амерыканскім вытворцам усё роўна больш выгадна пастаўляць звадкаваны газ у Азію, чым у Еўропу, бо на азіяцкім рынку цэны на газ традыцыйна вышэйшыя, чым у Еўропе, нават нягледзячы на сёлетняе падаражанне.

Яшчэ адна важная рэч адносна паставак звадкаванага газу суднамі — яны пераважна рэзервуюцца доўгатэрміновымі кантрактамі, і любы пастаўшчык газу ў першую чаргу будзе выконваць гэтыя доўгатэрміновыя кантракты. І толькі калі ў яго будзе нешта заставацца, — лішкавы газ будзе прадавацца праз трэйдараў. А лішняга газу для Еўропы ад амерыканцаў зараз недастаткова: большасць зарэзервавала Азія. 

Таму галоўнымі пастаўшчыкамі газу на еўрапейскі рынак будуць заставацца Расія, Нарвегія, Алжыр і Лівія. 

Алжыр, які з’яўляецца важным пастаўшчыком газу ў Францыю, Іспанію і Італію, таксама не можа падстрахаваць Еўропу. Бо там таксама расце ўнутранае спажыванне. Таксама існуюць палітычныя супярэчнасці паміж Алжырам і Марока, якія негатыўна ўплываюць на транспартаванне газу.

Адзіным, хто аказаўся гатовы павялічыць пастаўкі паліва ў ЕС, аказалася Нарвегія, але наўрад ці гэтых аб’ёмаў будзе дастаткова для таго, каб збіць цэны.

Зялёнае святло зялёнай энергетыцы?

За 2020 год у ЕС 38% электраэнергіі вырабілі з аднаўляльных крыніц. Упершыню ў гісторыі аднаўляльная энергія абагнала энергію з выкапнёвага паліва і стала дамінуючай у еўрапейскім энергетычным міксе.

Але пакуль што альтэрнатыўная энергетыка аказалася няздольнай падстрахаваць еўрапейцаў у сітуацыі з газавым дэфіцытам. Гэты скачок цэн дадаў аргументаў тым, хто выступае за хутчэйшы пераход да мясцовых аднаўляльных крыніц энергіі.

Галоўны аргумент апалагетаў зялёнай энергетыкі палягае ў тым, што цэны на газ нестабільныя, між тым, як энергія з узнаўляльных крыніц з кожным годам становіцца ўсё таннейшай.

Некаторыя, наадварот, мяркуюць, што цяперашні крызіс стаў вынікам арыентацыі Еўропы на пераход да зялёнай энергетыкі. Напрыклад, сёлета хуткасць ветру ў Еўропе была нізкай, праз што ветракі выпрацоўвалі недастатковую колькасць энергіі.

Выканаўчы дырэктар Міжнароднага энергетычнага агенцтва Фаціх Біроль заявіў, што зялёная энергетычная палітыка ЕС не вінаватая ў нядаўніх скачках цэн на газ і электраэнергію, і рэзкі рост цэн не павінен падарваць пераход Еўропы да «зялёнай» эканомікі. 

«Недакладна і несправядліва тлумачыць гэтыя высокія цэны на энерганосьбіты палітыкай пераходу да чыстай энергіі. Гэта няправільна», — сказаў ён.

За апошнія гады ў Еўропе закрыліся сотні вугальных шахт, шмат АЭС, еўрапейскія краіны трацілі шалёныя грошы на датацыю зялёнай энергетыкі. Але аднаўляльная энергія паказала сябе ненадзейнай.

У любым выпадку рэкордны скачок цэн на энерганосьбіты пачалі выкарыстоўваць у якасці аргументаў як прыхільнікі, так і ворагі зялёнай энергетыкі.

Еўропа, якая рэалізуе зараз самы амбіцыйны ў свеце план скарачэння выкідаў у атмасферу, а таксама прапануе забараніць новыя аўтамабілі на выкапнёвым паліве да 2035 года, можа сутыкнуцца з большым скепсісам грамадзян адносна зялёных ініцыятыў.

Энергетычны пераход на зялёную энергетыку патрабуе лепшага менеджменту, каб не дыскрэдытаваць саму высакародную ідэю пераходу на аднаўляльныя крыніцы энергіі. 

Што далей?

З набліжэннем зімы перспектыў паніжэння цэн не праглядаецца. 

Пакуль што не да канца зразумела, ці з'яўляюцца цяперашнія скачкі часовай з’явай, звязанай з серыяй разавых падзей, або гэта прыкметы больш глыбокай праблемы, звязанай з энергетычнай трансфармацыяй ЕС і недасканаласцю новай энергасістэмы, заснаванай на большым выкарыстанні аднаўляльных крыніц.

Пакуль не будзе вырашана праблема, як захоўваць энергію з аднаўляльных крыніц падчас неспрыяльнага надвор'я, краіны ЕС, магчыма, будуць працягваць сутыкацца з аналагічнымі сітуацыямі. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0