Перад галоўным корпусам БДУ

Паведамленні аб нібыта бомбе ў будынку атрымалі многія ўніверсітэты — БДУ (эвакуявалі галоўны корпус, юрфак, фізфак, факультэт міжнародных адносін), БДАТУ, БДПУ, БДМУ, БДЭУ, Акадэмія кіравання, Інстытут кіравання і прадпрымальніцтва. 

«Недзе ў 13.10 у аўдыторыю зайшоў ахоўнік, сказаў, усім збірацца і выходзіць, ёсць пагроза падрыву будынка. Пасля праз 10 хвілін пад’ехала машына міліцыі, выйшлі супрацоўнікі ў звычайнай форме, за імі двое ў шлемах і бронекамізэльках», — апісваюць сітуацыю на фізфаку БДУ.

Каля фізфака БДУ

«Філіял Цэнтра экспертыз і выпрабаванняў ў ахове здароўя, які базуецца ў лабараторным корпусе медуніверсітэта, пачалі эвакуяваць а 14-й гадзіне. Працоўны дзень на сёння скончаны», — кажуць супрацоўнікі.

«Былі і сапёры з сабакамі, і МНС, і хуткія. Перакрывалі дарогі. Нас вывелі з карпусоў, а праз 20 хвілін сказалі разыходзіцца па дамах», — распавяла студэнтка Віцебскай ветакадэміі.

«У мяне дачка — студэнтка БДЭУ. Дазванілася ў Заводскае РУУС, там сказалі, што на працягу пяці хвілін атрымалі паведамленні аб закладзеных выбуховых прыладах у 10 школах», — піша чытачка.

Эвакуацыя ў БДПУ

«Эвакуацыя прайшла жудасна. Пры рэальным мініраванні усе б загінулі ў таўкучцы на лесвіцах. Да апошняга не кажуць, ісці ці не дадому. Нібыта нават плануюць назад запусціць людзей і далей праводзіць заняткі.

У адрозненні ад вучэбнай эвакуацыі працэс быў неарганізаваны, і ў выніку на лесвіцах (пажарных у тым ліку) былі заторы. У калідорах не было нікога, хто накіроўваў людзей, і мне, каб вывесці групу з аўдыторыі на вуліцу, спатрэбілася 15 хвілін. Ніякіх сірэн — толькі моўнае паведамленне», — наракае выкладчык з БДЭУ.

Каля Акадэміі кіравання

Эвакуацыя была ў ліцэі БДУ, у некалькіх школах Мінска і Брэста, у Баранавічах. Многім бацькам, чые дзеці ў садках, пішуць выхавацелі з просьбай забраць дзяцей.

«У 45-ю школу Мінска прыйшло паведамленне. Падчас канцэрта да Дня настаўніка ўсім сказалі эвакуявацца», — дзеляцца бацькі.

«У 38-й гімназіі Мінска старэйшых дзяцей адпусцілі раней, малых сказалі тэрмінова забраць. Прыехала міліцыя і «касманаўты». Ці гэта АМАП, ці ахова, дзеці не ведаюць. Дзецям сказалі пра вучэбную трывогу».

204-я школа Мінска

Эвакуявалі таксама работнікаў завода «Інтэграл», пастаяльцаў гатэля «Марыёт», аквапарк «Фрыстайл».

У Камянецкім райвыканкаме расказалі, што на пошту прыйшло паведамленне нібыта ад Ісламскай дзяржавы — пра тое, што сёння пачнецца джыхад (свяшчэнная вайна) супраць Беларусі.

Эвакуацыя вучняў 60-й сталічнай школы

Мінулы раз масавая рассылка аб мініраванні была ў канцы мая. Паведамленні аб бомбе атрымала 270 навучальных устаноў. Інфармацыя тады не пацвердзілася. Невядома, ці былі адшуканыя асобы, якія арганізавалі рассылку.

Гучная справа была таксама ў сувязі з пасадкай самалёта Rynair — улады паведамлялі, што лісты аб мініраванні на пошту аэрапортаў адправіла палесцінскай групіроўка ХАМАС (якая пасля абвергнула сваю датычнасць). Пазней казалася, што паведамленні былі дасланы са Швейцарыі. Аказалася, размова была пра швейцарскі паштовы сервіс Proton. Адправіцеляў лістоў аб мініраванні не знайшлі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?