«Казаў аднагрупнікам: будзеце настаўнікамі працаваць, а я ў пяць разоў больш за вас атрымліваць»

Аляксей родам з Пінска.

«Я быў не самым лепшым вучнем у школе, — прызнаецца ён. — Займаўся футболам прафесійна, гуляў у малодшай групе гарадскога клуба «Волна», таму больш часу надзяляў спорту, чым вучобе. Але сярэдні бал быў дастаткова высокі — больш за 8. Я ў розных спаборніцтвах удзельнічаў і заўсёды ганарыўся, што адстойваю гонар школы. Адчуваў, што ўцягнуты ў жыццё горада. І мне падабалася гісторыя.

Калі прыйшоў час паступаць, я ведаў, што хачу быць грамадскім дзеячам — працаваць у мясцовай ці заканадаўчай уладзе. Таму выбраў гістарычны факультэт — падумаў, гэта будзе выдатны старт».

Можна было б вучыцца на бюджэце ў абласным горадзе і жыць у інтэрнаце. Але хлопец параіўся з бацькам і вырашыў ісці ў БДУ, няхай і на платнае — усё ж сталіца дае больш магчымасцяў.

Каб хапала на жыццё, давялося шукаць працу. Спачатку Аляксей здымаўся ў масоўцы — хадзіў на розныя перадачы, фільмы. У сярэднім за адну змену (гэта ад 4 да 10 гадзін) атрымліваў 30 рублёў. Кажа, для студэнта было нядрэнна. Тым больш яго рэгулярна запрашалі. На здымкі хлопец ездзіў некалькі разоў на тыдзень пасля пар ці на выходных.

А на другім курсе ўладкаваўся ў «Макдональдс».

«Падумаў: гэта сур’ёзная міжнародная кампанія, пачну рабіць кар’еру там. Хадзіў на факультэце і казаў аднагрупнікам: будзеце настаўнікамі працаваць, а я ў «Макдональдсе» ў пяць разоў больш за вас атрымліваць», — смяецца. 

Усё змяніла педагагічная практыка на апошнім курсе.

«Калі ішоў у школу, скептычна да гэтага ставіўся. Памятаю, званіў тату і казаў: навошта гэта мне, куча дакументаў. Але з першага дня (можа, школа добрая трапілася), як толькі пазнаёміўся з дырэктарам, зразумеў, што хачу быць звязаны са сферай адукацыі». 

Закруцілася інакш. Аляксею прапанавалі павышэнне ў «Макдональдсе». Выбар быў такі — або ісці менеджарам (на высокі заробак і з абавязкамі памочніка дырэктара), або педагогам-арганізатарам у школу. Хлопец зрабіў стаўку на «Макдональдс».

«Цэлы год працаваў менеджарам. Але думка пра школу не пакідала, і я паралельна шукаў у Мінску хоць палову стаўкі настаўнікам гісторыі, хоць некалькі гадзін, каб сумяшчаць.

Нават у гасцей рэстарана пытаўся пра вакансіі. Хадзіў у раённыя адміністрацыі. Але зразумела, сярод года, калі ўсе нагрузкі размеркаваны, складана знайсці працу.

І абсалютна выпадкова, калі чарговы раз убіў у пошук «праца настаўніка», мне выдала рэкламу праекта «Настаўнік для Беларусі». Я падаў анкету і прайшоў усе этапы адбору».

Праграма «Настаўнік для Беларусі» набірае энтузіястаў, якія гатовы на два гады паехаць выкладаць у школы ў вёсках ці раённых гарадах. Удзельнікам дапамагаюць у арганізацыі ўрокаў, у дадатак да заробку выплочваюць стыпендыю — 250 рублёў. Аляксею перавучвацца ў магістратуры не давялося — яго адукацыя дазваляе выкладаць.

«На дарогу траціў амаль чатыры гадзіны на дзень»

Хлопца адправілі ў школу ў аграгарадок Дворышча Дзяржынскага раёна. Гэта ў 12 кіламетрах ад Мінска. Праўда, дабірацца туды без машыны было няпроста.

«Калі я жыў у Мінску, заўсёды стараўся шукаць жыллё каля метро — для мяне прынцыпова было як мага меней часу траціць на дарогу на вучобу і працу. А тут…

У 7.10 з Інстытута культуры адпраўлялася электрычка ў Дзяржынск. А 8-й прыязджала, і ў мяне было роўна 15 хвілін, каб ад чыгуначнай дабегчы да аўтастанцыі і перасесці на раённы аўтобус. Ён ішоў 50 хвілін. То-бок на дарогу траціў амаль чатыры гадзіны на дзень.

Практычна ўвесь навучальны год прайшоў так. Асабліва жудасна ўзімку было. Часам хацелася сказаць: «Я сёння на бальнічным», — і вярнуцца ў Мінск. 

Цяпер адрамантавалі мост, які звязвае Фаніпаль з іншай часткай раёна, і пусцілі маршрутку з метро «Пятроўшчына» проста да маёй вёскі. За 40 хвілін дабіраюся.

Але ў доўгай дарозе быў і плюс. Я шмат гутарыў з людзьмі, траціў гэты час, каб падрыхтавацца да ўрокаў, абдумаць размову з адміністрацыяй», — дзеліцца Аляксей.

Ён, дарэчы, шукаў жыллё ў вёсцы. Але ўсё занята маладымі спецыялістамі. У Дзяржынску для яго было дорага — 150 даляраў за кватэру. У сталіцы Аляксей здымае жыллё з сябрамі і плаціць у два разы менш.

Змяніць у 23 гады працу менеджара на настаўніка — не самы папулярны выбар.

«Сябры пальцам у скроні круцілі, — усміхаецца хлопец. — Усе лічаць, што ў адукацыі мала атрымліваюць. Але я тады і цяпер перакананы — заробак залежыць ад цябе.

Ёсць настаўнікі, які адвялі пяць урокаў і пайшлі дадому. А ёсць іншыя — якія робяць праекты, паралельна рэпетытарствам займаюцца. У такіх у фінансавым плане ўсё добра. Я ведаў, што буду развівацца і пытанне з грашыма стаяць не будзе. І яно так і атрымалася.

Дзякуючы фінансавай падтрымцы нашай праграмы я не надта згубіў у грошах. Плюс у мяне поўная нагрузка — 35 гадзін».

«Са мной ніхто не фліртаваў — я выставіў межы»

У школе Аляксей працуе год. Вядзе гісторыю і грамадазнаўства ва ўсіх класах — з 5 да 11. А яшчэ выкладае працоўнае навучанне ў хлопчыкаў.

«Спачатку было вельмі цяжка. Калі маладога спецыяліста адпраўляюць у гарадскую школу, яму даюць умоўна паралель пятых класах — на тыдзень трэба падрыхтаваць два ўрокі. А мне — 23-24,

— параўноўвае хлопец нагрузку. — Але ўсё лета я займаўся, прапрацоўваў кожны ўрок і падрыхтаваў планы-канспекты на год. Цяпер ёсць выразная карціна, што за чым даваць, таму лягчэй».

З пяцікласнікамі, заўважае настаўнік, трэба быць больш строгім, з адзінаццацікласнікамі — больш сучасным. Трымаць субардынацыю з падлеткамі ён умее.

«Я камунікую з многімі маладымі настаўнікамі і бачу, што яны не да канца разумеюць, куды ідуць. Лічу, настаўнік павінен падкрэсліваць свой статус знешне. Я прыхільнік дзелавога стылю адзення. Не абавязкова строгага — можна, напрыклад, пад касцюм і кашулю адзець кеды.

Сам заўсёды ў касцюмах хаджу — у мяне іх пяць (на кожны дзень тыдня), і 20 гальштукаў.

Я не крычу на дзяцей наогул. У сельскай школе вучняў няшмат, і з кожным можна наладзіць адносіны. Калі настаўніка паважаюць, ён як чалавек цікавы, яго будуць слухаць. Ці як мінімум не парушаць дысцыпліну. 

Імідж у сацыяльных сетках вельмі важны. Хлопцу-настаўніку, напрыклад, можа напісаць школьніца і пачаць фліртаваць. Трэба мець выразныя правілы камунікацыі з вучнямі — на якія тэмы можна гаварыць, на якія нельга. Я рэкамендую завесці дзве старонкі ў сацыяльных сетках — працоўную і асабістую, пажадана закрытую.

Са мной ніхто не фліртаваў. Напэўна, таму, што я выставіў межы. Асабістых кантактаў не даваў (толькі тэлефон), не дапускаў размоў не па справе. Я, дарэчы, класны кіраўнік у 10 класе, дзе ўсе дзяўчаты». 

Да дзяцей хлопец звяртаецца на «вы» і заўсёды кажа «калі ласка». Іх напачатку гэта вельмі здзіўляла.

Апроч Аляксея, у школе толькі два настаўнікі-мужчыны — па фізкультуры і фізіцы.

«Зразумеў, што ўсе дзеці добрыя. Да іх проста трэба знайсці падыход»

Варта прызнаць — гісторыю любяць не ўсе. У маладога выкладчыка ёсць прыём, як зацікавіць такіх вучняў.

«Стараюся прапанаваць ім лёгкія заданні на выказванне свайго меркавання. Калі пару разоў даеш такую магчымасць дзецям, яны пачынаюць падцягвацца. Пасля ўжо з падручнікам папрацуюць, хатняе заданне зробяць».

«А калі вучань выказвае меркаванне, якое не супадае з вашым, будзеце зніжаць адзнаку?» — пытаемся.

«Наадварот — пастаўлю вышэй, калі ён аргументуе свой пункт гледжання. Я дзецям кажу, што няма няправільнага меркавання: гэта вашы думкі, не бойцеся выказвацца. Так, бывае нашы погляды разыходзяцца, асабліва са старэйшым класам — але гэта здорава. Стаўлю 10, калі вучань яшчэ спасылаецца на іншыя крыніцы — навінавую стужку, энцыклапедыю, іншы вучэбны дапаможнік».

У вольны час хлопец наведвае басейн і трэнажорную залу, ездзіць на веласіпедзе, гуляе ў шахматы. Ходзіць на спатканні з дзяўчынай.

А што наконт амбіцый прабіцца ў чыноўнікі? Аляксей не выключае такі варыянт для сябе.

«Мне падабаецца выкладаць. Падабаецца бюджэтная сфера, бо яна ўцягвае ў грамадскае жыццё. Каб цалкам прасвяціць сябе выкладанню — то не. Магчыма, паралельна гэтым займацца. Калі ў мяне будзе добрая праца, напрыклад, у выканаўчай уладзе і я не буду мець патрэбу ў грошах, я мог бы бясплатна весці ўрокі». 

Аляксей падумвае пра кар'еру чыноўніка і ўдзельнічае ў розных афіцыйных мерапрыемствах

Сам ён за год працы ў школе таксама многаму навучыўся. Весці дыялог з кіраўніцтвам, правільна крытыкаваць, разбірацца ў юрыдычных момантах.

«Зразумеў, што ўсе дзеці добрыя. Да іх проста трэба знайсці падыход. З калегамі я не пляткару пра вучняў і настаўнікаў.

Я ведаю ўсіх кіроўцаў маршрутак і аўтобусаў, якія мяне возяць, усіх дачнікаў, хто са мной ездзіць. У школу мяне падвозяць на папутках, калі аўтобус зломіцца. Раней я сігналіў, а цяпер людзі самі спыняюцца: «Аляксей Віктаравіч, вас падкінуць?»

***

Праграма «Настаўнік для Беларусі» з 12 кастрычніка пачынае новы набор. Сачыць за навінамі ці падаць заяўку можна тут.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру