Сёння стала вядома пра мінімум 116 чалавек з іх ліку, якія не выйшлі на волю пасля трох сутак. Усе яны лічацца падазраванымі ў межах крымінальных артыкулаў. Папрасілі адваката пракаментаваць такі размах.

Паводле дадзеных валанцёраў «Вясны», да затрыманых ці адразу прыходзілі з пастановамі на ператрус па артыкулам КК 369 «Абраза прадстаўніка ўлады» і 130 «Распальванне сацыяльнай варожасці», ці пра сутнасць падазрэння рабілася вядома пазней - ад адвакатаў.

Унікальнай стала сітуацыя з журналістам «Камсамолкі» Генадзем Мажэйка, які напісаў артыкул пра айцішніка Андрэя Зельцэра.

Па інфармацыі МУС, журналіст нібыта хацеў вылецець у трэцюю краіну, але быў вымушаны вярнуцца ў Беларусь, бо яго «прызналі непажаданым на тэрыторыі Расіі». У выніку Мажэйку затрымалі на тэрыторыі Беларусі. Сёння пацвердзілася, што журналіст стаў падазраваным па тым жа двум артыкулам КК.

У звычайнай сітуацыі артыкулы 369 і 130 прадугледжвалі б да трох (плюс штраф) і пяці год зняволення, калі браць максімальнае пакаранне. Але, што адметна, у адносінах да таго ж Мажэйкі гаворка ідзе пра 3-ю частку 130 артыкула. Гэта ўжо злачынства, здзейсненае «групай асоб», з максімальным пакараннем да 12 год паўзбаўлення волі.

Як нам стала вядома ад некалькіх адвакатаў, якія прадстаўляюць інтарэсы затрыманых, іх кліенты праходзяць у межах адной, агульнай крымінальнай справы. І ёсць верагоднасць, што па адной справе могуць прайсці і астатнія затрыманыя. 

Ці ёсць шанец, што нехта з гэтай вялікай колькасці затрыманых усё ж выйдзе на волю бліжэйшым часам?

Юрыст Андрэй Мачалаў лічыць гэта цалкам верагодным.

«Нехта будзе выходзіць, бо я не ўяўляю, як можна больш за 100 чалавек пакінуць за кратамі. Пытанне толькі ў тым, хто гэта будзе і калі. На сёння сітуацыя вельмі эмацыйна напружаная, складана нешта прагназаваць.

Многія каментары, праз якія людзей затрымлівалі, мы не бачылі, але тыя, якія ўсплывалі ў СМІ, ці той жа матэрыял журналіста «КП» — у іх і блізка нябачна абраз прадстаўніка ўлады ці распальвання варожасці. Складваецца ўражанне, што хацелі затрымаць не столькі за негатыўныя каментары, а проста ўсіх, хто ўвогуле хоць неяк абмяркоўваў гэтую тэму».

Па словах Андрэя Мачалава, цяпер адчувальны недахоп адвакатаў, якія маглі б дапамагаць такой вялікай колькасці людзей адначасова. Такая ж сітуацыя можа назірацца і ў следчым апараце. 

«Знайсці адразу некалькі дзясяткаў следчых на новую справу — значыць, хутчэй за ўсё, адцягнуць іх ад іншых спраў», — каментуе Андрэй Мачалаў. — Калі ўсё ж за каментары будзе асуджаная вялікая колькасць людзей, гэта будзе новай эскалацыяй рэпрэсій. Спадзяюся, логіка і ўзважаная пазіцыя, калі эмоцыі сціхнуць, у выніку пераважаць: немагчыма каментаром распаліць варожасць».

Чытайце таксама: 

 «Муж шапнуў: «Гэта КДБ». Як затрымліваюць беларусаў за каментары

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0