Беларуская «Камсамолка» ніколі не была клонам расійскай. Нават у 2014 годзе, калі Расія заняла Крым, беларуская «КП» не далучалася да дыфірамбаў маскоўскіх калег. Таксама зусім пякельная жаўцізна ці калонкі журналісткі расійскай «КП» Скайбеды не перадрукоўваліся беларускай рэдакцыяй.

Газета не абмінала вострыя вуглы. У 2009 годзе беларуская «КП» атрымлівала папярэджанне ад Мінінфарма — як меркавалася, за надта пільную ўвагу да тэмы свінога грыпу ў Беларусі.

У 2016 годзе пад эгідай Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта правялі апытанку, у якой менавіта «Камсамолку» большасць беларусаў назвала сваёй самай любімай газетай. Гэта пацвярджалася і тыражамі.

У лепшыя часы наклад быў большы за 300 тысяч экзэмпляраў — неймаверныя лічбы для Беларусі. Але і ў 2020 годзе штотыднёвы нумар друкавалі накладам у 150 тысяч, і гэта без выкарыстання прымусовай падпіскі і адмінрэсурсу, у часы татальнага дамінавання інтэрнэту.

З «КП» выйшла шмат вядомых журналістаў, калегі адзначалі, што досвед працы ў «Камсамолцы» заўсёды быў выдатнай рэкамендацыяй.

У свой час галоўным рэдактарам «КП» была медыяменеджар і палітзняволеная Юлія Слуцкая, там працавалі рэдактарка Улляна Бабаед, журналіст і блогер Віктар Малішэўскі, журналістка і палітзняволеная Кацярына Барысевіч, асуджаная на 6 месяцаў за «справу Бандарэнкі».

Першы званочак празвінеў у канцы ліпеня 2020 года. Лукашэнка тады абурана выказаўся: «Паглядзіце на папяровыя СМІ. Я сёння ўзяў усе газеты, паглядзеў на так званую «Камсамольскую праўду» ў Беларусі». Ужо хутка ў жаўцізну ператворыцца.

Ці бачыце, кіраўнік іх, седзячы ў Маскве, не тое ў Крамлі, выступіў з заявай, і пачалася тэндэнцыйная падача інфармацыі.

Няхай паедуць у поле, дзе сёння ідзе сапраўды бітва, барацьба за ўраджай. Небывалы ўраджай на палях сёння стаіць. Здыміце, раскажыце, сфатаграфуйце камбайнера-тысячніка».

Падзеі да і пасля выбараў 2020 года «Камсамолка» асвятляла падрабязна. Фота Маршу Свабоды нават з’явілася на вокладцы аднаго з асобнікаў, публікаваліся фотаздымкі збітых сілавікамі людзей.

Але ж праз гэта некалькі нумароў выдання не былі надрукаваныя пад рознымі падставамі: то «ламаліся станкі» ў друкарні, то яшчэ нешта.

Пасля газету друкавалі ў Расіі, аднак узніклі праблемы з продажам у кіёсках «Белсаюздрука» і з распаўсюджваннем па падпісцы праз «Белпошту», у выніку абрынуліся тыражы. А ў канцы жніўня ў ЗАТ «БелКП-прэс» з пазапланавай праверкай прыйшоў дзяржкантроль.

Адразу ж «Камсамолку» паспрабавалі «нармалізаваць». Спачатку змянілі галоўнага рэдактара — замест беларуса Андрэя Ляўкоўскага, які займаў пасаду 10 гадоў, з Расіі прыслалі Марыну Бунакову — яна родам з Хабараўска, была рэдактарам «KP.RU ў Хабараўску», затым працавала ў асноўным офісе расійскай «Камсамолкі» ў Маскве.

Праўда, пры ёй выйшаў нумар з партрэтамі затрыманых журналістаў на вокладцы (да, тады яшчэ затрыманні карэспандэнтаў выклікалі абурэнне і здзіўленне).

Праз пару месяцаў Бунакову замянілі — выканаўчым абавязкі галоўрэда стаў расіянін Аляксандр Коц — адыёзны ваенны журналіст, вядомы падтрымкай дзеянняў Расіі ў Крыме і на Данбасе і аднабаковым асвятленнем гэтых падзей. Праўда, ужо праз 1,5 месяца яго замяніў Сяргей Трафілаў, беларускі рэдактар, які раней узначальваў газету «Культура».

«Камсамолка» стала больш асцярожнай, але яе гэта не выратавала. Здавалася б, шараговая нататка прывяла да таго, што праз тыдзень газета проста перастала існаваць, журналіст трапіў за краты, а пра сітуацыю нават выказваўся прэс-сакратар Пуціна, адзначыўшы, што «Крэмль катэгарычна не згодны з блакаваннем сайта kp.by».

Але ж усе спадзевы на заступніцтва Расіі хутка разбіліся аб наступныя выказванні прэс-сакратара расійскага прэзідэнта.

«У гэтым выпадку адзінае правільнае рашэнне прыняло выданне аб закрыцці гэтага падраздзялення ў Беларусі», — сказаў Дзмітрый Пяскоў.

Ён таксама выказаў спадзеў, што затрыманне журналіста Мажэйкі не было звязанай з ягонай журналісцкай дзейнасцю і паведаміў: «Справа ў тым, што мы не маем ніякіх юрыдычных падстаў займацца абаронай інтарэсаў гэтага журналіста, таму што ён з'яўляецца грамадзянінам Беларусі, мы ніякім чынам не маем права ўмешвацца ў яго адносіны з беларускімі ўладамі».

Чытайце таксама:

Балкунец пра сітуацыю з «Камсамолкай»: Крэмль не можа зараз дзёрзка выступіць, бо на коне «дарожныя карты»

Дык усё ж як і дзе затрымалі журналіста «Камсамольскай праўды»? Спрабуем раскруціць блытаны клубок з разнастайных заяў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0