У бесперапынным фармаце такая адмоўная дынаміка назіраецца ўжо дзявяты месяц запар (з лістапада 2020 г.). Летась сітуацыя таксама не выглядала аптымістычна.

На працягу 7 месяцаў 2020 г. толькі ў лютым і ліпені колькасць прынятых перавышала колькасць зноў нанятых (на 948 чал. і 3975 чал. адпаведна), пішуць «Нашы грошы».

Найгоршы стан — у Мінску, дзе за 7 месяцаў 2021 г. звольнена на 15 745 чал. больш, чым прынята (за студзень — ліпень 2020 — на 12 026 чал.).

У ніводнай з абласцей не было прынята больш людзей, чым было звольнена. Акрамя таго, ва ўсіх абласцях негатыўная тэндэнцыя толькі пагоршылася: адмоўная розніца ў студзені — чэрвені 2021 г. (нарастаючым вынікам) стала больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ва ўсіх рэгіёнах краіны.

І гэта пры тым, што ў адрозненне ад большасці дзяржаў Беларусь не «закрывала» эканоміку, не ўводзіла лакдаўнаў, імкнучыся захоўваць працоўныя месцы.

Тым не менш, узровень беспрацоўя (разлічаны па метадалогіі МАП) у 2020 годзе і 1 квартале 2021 г. аказаўся вышэйшы, чым, да прыкладу, у Чэхіі, Польшчы і Германіі.

Што яшчэ мы бачым па факце: пасля «пазітыўнага» лютага 2020 г., сакавік 2020 г. паклаў пачатак далейшай рэзка негатыўнай дынаміцы на рынку працы, заклаўшы трывалую аснову «адмоўнай працоўнай селекцыі» (выключаючы ліпень, верасень і кастрычнік 2020) на далейшыя перыяды аж да цяперашняга часу. Сакавік, красавік і май 2020 апынуліся горшымі месяцамі мінулага года, што натуральна, паколькі гэта былі перыяды пачатку актыўнага распаўсюджвання COVID-19 у Беларусі.

За 7 месяцаў гэтага года ў цэлым па Беларусі перавышэнне колькасці звольненых над колькасцю зноў нанятых склала без малога амаль 50 тысяч чалавек, гэта на 29,8% больш, чым адмоўная розніца аналагічнага перыяду мінулага года, калі было звольнена на 38,4 тыс. больш, чым прынята. Абсалютна рэкордным за 2020-2021 г. стаў май гэтага года, калі колькасць звольненых супрацоўнікаў аказалася на 17,1 тыс. больш, чым колькасць працаўладкаваных.

У разрэзе відаў эканамічнай дзейнасці, як паказваюць звесткі, найбольш негатыўная тэндэнцыя адзначаецца ў сферах:

— адукацыі: у студзені — ліпені 2021 г. звольнена на 12,7 тыс. чалавек больш, чым прынята; за 7 месяцаў гэтага года — на 18,3 тыс.

— аховы здароўя і сацыяльных паслуг (на 6,6 тыс. і 10,4 тыс. адпаведна).

Акрамя таго, негатыўным трэндам на рынку працы бягучага года з'яўляецца стан спраў у будаўніцтве (на 6,3 тыс. было больш звольненых, чым прынятых у студзені — чэрвені 2021 г. супраць пазітыўнага трэнду аналагічнага перыяду мінулага года, калі прынята на працу было на 1,2 тыс. больш супрацоўнікаў, чым звольнена).

Аналіз дынамікі рынку працы паказвае, што негатыўныя прагнозныя тэндэнцыі стану беларускай эканомікі (узмацненне санкцыйнага ціску, пагаршэнне стану з выплатамі па знешнім доўгу) разам з адсутнасцю адэкватнай рэакцыі з боку дзяржавы на рынак працы можа толькі пагоршыць сацыяльную напружанасць.

Замест таго каб перагледзець памеры дапамог па беспрацоўі (якія ў Беларусі непрыстойна нізкія) і ажыццяўляць перанавучанне вызваляемых супрацоўнікаў, дзяржава па-ранейшаму працягвае тактыку эфемернага «захавання працоўных месцаў», то пераводзячы частку супрацоўнікаў на 2/3 стаўкі, то «напампоўваючы» неэфектыўныя прадпрыемствы выплатамі ў выглядзе дзяржаўнай падтрымкі.

Разам з тым, для таго, каб працягваць усё так жа штучна падтрымліваць гэтыя працоўныя месцы, патрэбныя рэсурсы, якія сыходзяць, а новыя крэдыты паступаюць у меншым аб'ёме.

Акрамя таго, санкцыі могуць ударыць па сектарах, работнікі якіх, акрамя таго, што генеравалі паступленне даходаў у бюджэт за кошт рэалізацыі прадукцыі, яшчэ і стваралі попыт унутры краіны, падтрымліваючы іншыя сектары. Без дзейсных мер падтрымкі рост сацыяльнага напружання на прадпрыемствах можа адбыцца і натуральным чынам.

Чытайце таксама: «Звальняючы такіх ікон, як Мрочак і Мартаў, сістэма паскарае ад'езд тых, хто яго адкладваў»: чысты адток медыкаў толькі за студзень — 724 чалавекі 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0