Злачынцы, што здзейснілі напад на мясцовае аддзяленне «Беларусбанка» ў мястэчку Копць Віцебскага раёна, затрыманыя.

7 ліпеня двое невядомых у масках абрабавалі касу на 10 мільёнаў беларускіх рублёў, 20 тысяч расійскіх, каля паўтары тысячы даляраў і тысячу еўра. Пры гэтым былі нанесеныя цяжкія цялесныя пашкоджанні касіру.

Як паведамляе ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС, затрымаць злачынцаў «па гарачых слядах» не атрымалася. Падчас далейшых пошукавых мерапрыемставаў удалося устанавіць, што ў траўні і чэрвені двое падобных па прыкметах грамадзян наведвалі мясцовае аддзяленне «Беларусбанка» ў вёсцы Крынкі. У персанала і наведвальнікаў іх паводзіны выклікалі падазрэнні.

Адначасова ва Упраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю Віцебскай вобласці паступілі звесткі пра мажлівае дачыненне да здзейсненага злачынства 25‑гадовага жыхара Віцебскага раёна. Касір і сведкі нападу апазналі яго па здымках. Пасля прад’яўлення доказаў, ён прызнаўся ў дачыненні да крадзяжу і ўказаў на саўдзельніка, які таксама зараз змешчаны ў следчы ізалятар.

Адметны той факт, што затрыманыя не з’яўляюцца беднымі людзьмі: адзін з іх кіруе станцыяй тэхнічнага абслугоўвання ў Віцебску, другі — індывідуальны прадпрымальнік.

Як паведамілі ў прэс‑службе МУС, існуе вялікая верагоднасць таго, што гэтыя людзі датычныя да іншых злачынстваў. Зараз па гэтым факце праводзіцца праверка.

Вольга Жарнасек

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0