Падпрацоўка, якая прывяла ў турму

У 2018 годзе 30-гадоваму дальнабойшчыку з Магілёва Арцёму Лазоўскаму, які працаваў у польскай кампаніі, прапанавалі «халтуру» на 470 еўра: трэба было тэрмінова з'ездзіць па груз на фуры ў Іспанію і назад. Хлопец пагадзіўся і адправіўся ў шлях як другі кіроўца разам з палякам Гжэгажам Падгурскім, уладальнікам грузавіка (ён жа быў дырэктарам фірмы).

На мясаперапрацоўчым заводзе ў іспанскім горадзе Саламанка ў рэфрыжэратар загрузілі палеты з замарожаным мясам, якія зверху былі шчыльна закручаныя плёнкай. На загрузцы вадзіцелі не прысутнічалі — іх не пусціў ветэрынар, бо ў іх не было спецадзення. Пра гэта дальнабойнікі зрабілі адзнаку ў накладной.

Груз кіроўцы павезлі ў Польшчу, але на трасе іх, «як у баевіках», затрымала ўзброеная паліцыя. Разгрузілі «рэф»: у двух-трох палетах унізе ляжалі маленькія кардонныя скрыначкі, у іх — марыхуана. Дальнабойшчыкам надзелі кайданкі, адвезлі на допыт у пастарунак, а адтуль — у турму.

«Прызнай віну — тады адпусцім»

У турме ў Малазе беларус сядзеў 22 месяцы і восем дзён. Па словах Арцёма Лазоўскага, следства спрабавала даказаць, што ён мае дачыненне да міжнароднага абароту наркотыкаў і ўваходзіць у арганізаваную злачынную групоўку. Хлопцу прапаноўвалі прызнаць сваю віну, але ён адмовіўся гэта рабіць — вінаватым сябе ён не лічыць.

У ліпені мінулага года Арцёма выпусцілі без пашпарта на свабоду, пры гэтым з'язджаць з Іспаніі забаранілі, — трэба чакаць суда. Працаваць яму было нельга, таму грошы на жыццё яму перадавалі сваякі і калегі. Віза і страхоўка ў беларуса скончыліся.

Прыкладна так выглядалі палеты

Прыкладна так выглядалі палеты

У сакавіку гэтага года па справе адбыўся суд. Абвінавачаных было шасцёра — Арцём, паляк Гжэгаж і яшчэ чацвёра грамадзян краін Еўропы, якія былі на загрузцы паўпрычэпа.

— Адвакатка раіла мне прызнаць сваю віну. Тады, маўляў, мне дадуць тры гады турмы, два з якіх я ўжо адбыў, яшчэ год абяцалі скараціць і дэпартаваць з краіны. Але акрамя прызнання віны я яшчэ павінен падпісаць паперу, што прэтэнзій да іспанскіх уладаў не маю і апеляцыю на пастанову суда падаваць не буду. Калі не напішу, сяду ў турму на год, — распавядаў пасля суда Арцём.

Лазоўскі адмовіўся ісці на такое пагадненне, і пасля гэтай прапановы вырашыў змяніць абаронцу на таго, які будзе адстойваць яго невінаватасць.

У пасольстве Беларусі ў Іспаніі тады паведамлялі, што справа Арцёма Лазоўскага знаходзіцца на фінальнай стадыі — чакаецца канчатковае рашэнне суда.

— У гэтай сітуацыі магчымыя два сцэнары: калі Арцём не згаджаецца з прысудам — ён застаецца ў Іспаніі да заканчэння працэсу абскарджання, калі згаджаецца — астатні тэрмін турэмнага зняволення (сумарна ён прабыў у турме год і дзесяць месяцаў і дзесяць месяцаў пры ўмоўным вызваленні) заменяць на дэпартацыю ў Беларусь, — тлумачыў консульскі супрацоўнік Яраслаў Кавальчук.

«Ірвануў дадому без пашпарта і на першым грузавіку»

Фінальная стадыя справы расцягнулася на месяцы. У гэты час Арцёма пачала абараняць іншая адвакатка, якая лічыла, што віна яе падабароннага не даказаная, а таму прызнаваць яе беларусу не варта, як і згаджацца з прысудам.

Па словах дальнабойшчыка, іспанскі суд усё ж вынес па ім абвінаваўчае рашэнне, менавіта тое, пра якое ішла гаворка, — тры гады пазбаўлення волі, з якіх амаль два ён ужо адседзеў, а астатні тэрмін заменены на дэпартацыю.

— У пачатку верасня адвакат падала на апеляцыю. Чакаем пасяджэння, і калі суд прызнае мяне невінаватым, то атрымаецца, што ў турме я сядзеў дарма, і забарону пакідаць Іспанію нельга было да мяне прымяніць. У такім разе можна дамагацца выплаты матэрыяльнай кампенсацыі, а яна велізарная — мы прыкідвалі, і яшчэ год таму была сума каля 800 тысяч еўра, а цяпер стала яшчэ большай, — распавёў Арцём.

У той жа час дальнабойшчык чакаў моманту, калі яму аддадуць пашпарт, каб ён мог з'ехаць дадому. Кажа, што «ўсё вельмі хочуць патрапіць у Іспанію, а я ў халодную Беларусь, дзе не быў ужо больш за тры гады, даўно не бачыў сваіх родных, дзіця».

Нядаўна адвакат паведаміла Арцёму, што з яго знятыя ўсе абмежаванні. Пасля гэтага беларус вырашыў з'ехаць на радзіму, спыняла адно — пашпарт яму іспанскія ўлады так і не аддалі. Але дальнабойчшык так стаміўся ад вымушанага знаходжання ў сонечнай краіне, што рвануў дадому без дакумента.

— Дапамог наш лічбавы прафсаюз і яго лідар Максім Кузняцоў, якога ўсе ведаюць як блогера Злога дальнабоя. Ён знайшоў калегу-кіроўцу, які ўзяў мяне да сябе ў кабіну грузавіка і давёз да Варшавы. Там я пайшоў у пасольства Беларусі ў Польшчы, патлумачыў сітуацыю з пашпартам. Літаральна за 15 хвілін мне выпісалі пасведчанне на вяртанне ў Беларусь, і я паехаў на мяжу ўжо на легкавушцы яшчэ аднаго спагадлівага чалавека.

Перасякаў мяжу Арцём днём, калідор для легкавога транспарту быў пустым, але афармленне беларуса зацягнулася на гадзіны чатыры.

— Па дзве гадзіны на праходжанне абодвух бакоў. Спярша палякі «прабілі» мяне па сваіх базах, абурыліся ад справы, у якой я пабываў, а таму доўга гутарылі са мной, машыну адправілі на дагляд, а нас папрасілі распрануцца, вывернулі кішэні. Тое ж самае было на беларускім баку, толькі яшчэ быў сабака, які нас абнюхаў. Але потым усё ж прапусцілі.

З акна аўто Арцём разглядаў родны край і адзначаў, як «моцна ўсё змянілася, а Магілёў стаў нейкім вялікім, вуліцы шырокія, асфальт новы». Дома доўга размаўляў з роднымі, потым лёг на свой ложак, але доўга спаць не змог — перапаўнялі эмоцыі.

— Як адсяджу самаізаляцыю, адразу замоўлю пашпарт і буду шукаць працу. Кім? Ну вядома дальнабойшчыкам! Не адвярнула мяне ад прафесіі пасля ўсяго, проста буду мудрэйшы і асцярожнейшы, заўсёды буду на сувязі з нашым прафсаюзам, — аптымістычна заявіў пра свае планы Арцём Лазоўскі. — Але вось у рэйсы ў Іспанію я больш ніколі не паеду — не хачу яшчэ раз трапіць у аналагічную гісторыю, занадта часта яны там адбываюцца.

«Яго невінаватасць будзем даказваць да канца»

Гюзель Замалтдзінава, адвакатка Арцёма Лазоўскага, паведаміла, што хоць яе падабаронны і не падпісваў дакумент аб тым, што ён прызнае сваю віну ў злачынстве, на судовым пасяджэнні ён вусна пагадзіўся з ёй.

— У іспанскім судзе працуе такая сістэма, калі адвакат абвінавачанага і пракурор кантактуюць паміж сабой і прыходзяць да кансэнсусу з нагоды пакарання падсуднаму. Абаронца агучвае яго свайму падабароннаму і раіць прызнаць ці не прызнаць сваю віну. Так было і ў выпадку з Арцёмам: ягоная тагачасная адвакатка рэкамендавала яму прызнаць віну. У судзе ён гэта зрабіў, але потым дакумент не падпісаў. Але абвінаваўчы прысуд яму ўсё роўна вынеслі, — патлумачыла Гюзель Замалтдзінава.

Адвакат мяркуе, што такое рознагалоссе адбылося з-за таго, што Арцём дрэнна разумеў, якое дзеянне адбывалася з ім у той момант: пачалося судовае пасяджэнне, якое праходзіць вельмі хутка, і таксама хутка выносіцца рашэнне па справе. Нагадаем, справу, у якой фігураваў Лазоўскі, разгледзелі за два пасяджэнні, падчас другога вынеслі прысуд.

— Мяркую, што ў судзе перакладчык мог няправільна або няпоўна перавесці для Арцёма нейкія звесткі, што агучваліся ў працэсе. На жаль, у іспанскія суды прыцягваюцца перакладчыкі не прафесійныя, а літаральна з вуліцы, іх кампетэнтнасць і ўзровень ведаў мовы ніхто не правярае. Таксама на яго аказваўся моцны псіхалагічны ціск: выбраць паміж тым, каб вярнуцца ў турму, калі ён не пагодзіцца з прысудам, або пагодзіцца з абвінавачваннем і выйсці на волю.

Адвакат Гюзель Замалтдзінава паведаміла, што вывучыла справу і лічыць, што віны Лазоўскага ў ім няма. Яна параіла беларусу падаць апеляцыю на скасаванне прысуду суда і перагляд справы, у ліпені гэта было зроблена.

— Цяпер мы чакаем разгляду апеляцыі. Гэта адбываецца ў зале суда, у прысутнасці цэлай камісіі з суддзяў. Калі яе адхіляць, то мы будзем скардзіцца ў вышэйшыя судовыя інстанцыі — такую пазіцыю занялі я і мой падабаронны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0