Спявак адзначыў дзень народзінаў традыцыйным канцэртам у коле сяброў.

Святочны канцэрт Змітра Вайцюшкевіча адбыўся 20 ліпеня ў канцэртнай залі «Мінск». Чаму святочны? Таму, што гэтым канцэртам музыка працягнуў добрую традыцыю, згодна з якой які ўжо год 20 ліпеня, у свой дзень нараджэння, ён дае канцэрт у Мінску.

Першымі павіншавалі Змітра ўдзельнікі гурту «Гуда». Яны заспявалі некалькі песняў і падаравалі пас ручной работы. Згодна з беларускімі вераваннямі пас сімвалізаваў жыццё і выконваў ролю абярога. Да таго ж, лічылася, што калі адзін чалавек павяжа другому пас, то яны будуць звязаныя сувяззю на ўсё жыццё, распавяла адна з удзельніц «Гуды».

Наконт канцэртнай праграмы Зміцер Вайцюшкевіч адразу папярэдзіў, што асабліва не рыхтаваўся і паабяцаў шмат музычных нечаканак.

Першай такой нечаканкай стала песня «Спі-засні, вулкан-анёлак» на вершы Арцёма Кавалеўскага. У хуткім часе павінен з’явіцца альбом, які будзе уключаць 21 песню на вершы гэтага аўтара.
Па словах Змітра Вайцюшкевіча, гэта пазітыўныя песні для дзяцей і не толькі.

Яшчэ адным прыемным сюрпрызам стала песня «Эльсе» на верш Крыстафера Леандоэра, напісаная Змітром падчас V-га з’езду беларусаў свету.

Праспяваўшы яшчэ некалькі песняў, Вайцюшкевіч запрасіў на сцэну гурт «Зімовая вайна з Тыбетам». Пасля выступлення гурту музыка заўважыў, што ў працяг будыйскай тэмы нічога іншага не прыходзіць у галаву, акрамя блатняку, і зацягнуў «Ірку Ермалінскую».

Большасць песняў, выкананых падчас канцэрту, напісаныя на вершы Ўладзіміра Някляева, які, дарэчы, прысутнічаў на канцэрце, так што Зміцер нават пажартаваў, што гэта не ягоны бенефіс, а бенефіс Някляева. Апошні ў канцы канцэрту павіншаваў са сцэны імянінніка і праспяваў сваю версію «Іркі Ермалінскай», чым сарваў бурныя апладысменты гледачоў.

Акрамя вышэйназваных павіншаваць Змітра прыйшлі пісьменнік Уладзімір Арлоў, бард Алесь Камоцкі, бізнесмен Зміцер Папоў, гурт «Босае сонца», Ксенія Мінчанка і кампанія.

Уладзімір Арлоў заявіў, што хацеў бы, каб Зміцер Вайцюшкевіч калі-небудзь напісаў песню на ягоныя вершы. Менавіта з гэтай прычыны ён і стаў пісаць у рыфму. «Зміцер гаворыць, што ў маіх вершах шмат нехарошых словаў, на такія вершы песні не пішуцца, таму я цяпер стараюся пісаць вершы, дзе было б меней нехарошых словаў», — пажартаваў Арлоў.

Удзельнікі «Босага сонца», павіншаваўшы Змітра, заўважылі, што пра ягоны творчы шлях можна пісаць падручнік для музыкаў-пачаткоўцаў, на што Вайцюшкевіч адказаў жартам: «Абвяшчаецца конкурс: я гатовы прадаць правы на напісанне кнігі пра маю творчасць».

Хаця дзень нараджэння быў у Змітра Вайцюшкевіча, падарункі атрымаў не толькі ён сам, але і ўсе ўдзельнікі канцэрту.

Музыка падарыў кожнаму выступоўцу дыск караоке «Спявай, васільковы край!» На дыску запісаная музыка 36 песняў Вайцюшкевіча.

Пры канцы канцэрту Зміцер Вайцюшкевіч паспрабаваў сябе ў якасці настаўніка. Уся зала развучвала пад ягоным кіраўніцтвам словы песні «Бывайце здаровы, жывіце багата». Падаецца, урок прайшоў дастаткова паспяхова.

Тацяна Печанко, «Будзьма беларусамі!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0