Нарвежскі нобелеўскі камітэт прыняў рашэнне прысудзіць Нобелеўскую прэмію міру 2021 года амерыканска-філіпінскай журналістцы Марыі Рэса і галоўнаму рэдактару расійскай «Новай газеты» Дзмітрыю Муратаву за іх намаганні па абароне свабоды выказвання меркаванняў, што з'яўляецца папярэдняй умовай дэмакратыі і трывалага міру.

У Нобелеўскім камітэце адзначылі, што журналістка Марыя Рэса паказала сябе бясстрашнай абаронцай свабоды поглядаў і спрыяла інфармаванню свету аб кровапралітнай кампаніі па барацьбе з наркотыкамі, якую праводзіць прэзідэнт Філіпін Радрыга Дутэртэ.

«Нобелеўская лаўрэатка Марыя Рэса выкарыстоўвае свабоду выказвання меркаванняў, каб выкрыць злоўжыванне ўладай, прымяненне гвалту і рост аўтарытарызму ў сваёй роднай краіне, на Філіпінах. У 2012 годзе яна стала сузаснавальнікам Rappler, кампаніі анлайн-медыя, якая праводзіць журналісцкія расследаванні», — гаворыцца ў паведамленні Нобелеўскага камітэта.

РБК

РБК

«З моманту заснавання ў 1993 годзе «Новая газета» публікавала крытычныя артыкулы на тэмы ад карупцыі, паліцэйскага гвалту, незаконных арыштаў, маніпуляцый на выбарах, фабрык троляў і да выкарыстання расійскіх войскаў унутры і за межамі Расіі. Апаненты «Новай газеты» адказвалі на гэта пагрозамі, гвалтам і забойствамі. З моманту заснавання газеты забітыя шэсць яе журналістаў, уключаючы Ганну Паліткоўскую, якая пісала пра вайну ў Чачні.

Нягледзячы на забойствы і пагрозы, галоўны рэдактар Муратаў не адмовіўся ад прынцыпу незалежнасці і паслядоўна абараняў права журналістаў пісаць на выбраныя тэмы, пакуль гэта адпавядае прафесійным і этычным стандартам журналістыкі» — заявіла сёння кіраўнік нарвежскага Нобелеўскага камітэта Берыт Рэйс-Андэрсан.

Сёлета сярод фаварытаў прэміі лічыліся таксама Сусветная арганізацыя аховы здароўя, «Рэпарцёры без межаў», а таксама Аляксей Навальны, Грэта Тунберг, Святлана Ціханоўская.

Глядзіце, які зварот да беларусаў падпісваў нобелеўскі лаўрэат Дзмітрый Муратаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0