У Германіі адбылася цырымонія ўручэння Ляйпцыгскай прэміі за свабоду СМІ.

Адну з прэстыжных нямецкіх узнагарод у галіне сродкаў масавай інфармацыі завочна атрымалі ў пятніцу, 8 кастрычніка, беларускія журналісткі Кацярына Бахвалава, якая працавала пад псеўданімам Кацярына Андрэева, і Дар’я Чульцова, які цяпер адбываюць зняволенне ў калоніі.

Журналісткі сваёй працай «далі магчымасць пачуць голас свабоднай журналістыкі ў аўтакратычным рэжыме», гаворыцца ў заяве Фонду ў справах СМІ ашчаднай касы Ляйпцыгу.

За сваю працу 27-гадовая Бахвалава і 24-гадовая Чульцова «вымушаныя пакутаваць ад рэпрэсій рэжыму, як і многія іншыя» беларусы, сказана далей у заяве.

Фонд настойліва заклікаў улады Беларусі вызваліць журналістак.

Як адзначаецца ў заяве, узнагарода — гэта «знак падбадзёрвання ўсім супрацоўнікам СМІ, а таксама дзеячам грамадзянскай супольнасці — ня толькі ў Беларусі». Грашовая частка прэміі складае 10 тысяч еўра кожнаму лаўрэату.

Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада 2020 году падчас жывой трансляцыі для польскага тэлеканала, які прызнаны беларускімі ўладамі экстрэмісцкім, з акцыі памяці загінулага беларускага актывіста Рамана Бандарэнкі.

 Журналісткам прысудзілі два гады пазбаўлення волі паводле абвінавачання ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх».

«Перадусім не хапае цябе» Паглядзіце, якія кранальныя лісты Ягор Марціновіч дасылае жонцы з турмы (і графік кахання!)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0