Беларусь не экспартуе лес у выглядзе сыравіны — толькі палетную нарыхтоўку і піламатэрыялы. Пра гэта заявіў міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа ў эфіры тэлеканала СТБ.

«Я абсалютна адказна заяўляю, што ніводнага куба драўніны з краіны не вывозіцца. Больш за тое, мы сёння гаворым пра тое, што ўжо дошка — гэта паўфабрыкат, і яго таксама не трэба вывозіць».

У цэлым, што тычыцца экспарту, то лясная гаспадарка Беларусі ўжо выкарыстала сітуацыю, калі былі высокія цэны на такі тавар, атрымаўшы максімальны заробак. Цяпер, па словах міністра, пік ужо пройдзены, адбываецца адкат па цане.

«Мы сыравіну не экспартуем, мы экспартуем палетную нарыхтоўку і піламатэрыялы», — яшчэ раз падкрэсліў Віталь Дрожжа. Экспарт дошкі да ўзроўню мінулага года (за 9 месяцаў) знізіўся на 5%. На фоне гэтага падымаецца спажыванне прадукцыі арганізацый Міністэрства лясной гаспадаркі ўнутры краіны.

Што тычыцца асобных заўваг жыхароў, якіх турбуе рост высечкі лесу, міністр запэўніў, што для гэтага ёсць навуковае абгрунтаванне. «Лес мае ўзрост, пасля якога ідуць натуральныя працэсы распаду. Калі своечасова не зняць ураджай, адбудзецца натуральны распад дрэвастою», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0