На гэты раз справу ў судзе Ленінскага раёна разглядала Юлія Інчына. Як паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», згодна з новым пратаколам, «Анастасія 21 чэрвеня распаўсюдзіла экстрэмісцкі матэрыял, пераслаўшы з прызнанага экстрэмісцкім телеграм-канала паведамленне мужу пра скарачэнне кадраў у МУСе».

Анастасія раней працавала настаўніцай у мінскай гімназіі, яе муж — праграміст.

Першы раз пару затрымалі яшчэ ў ліпені. Як нам вядома з уласных крыніц, сям’ёй зацікавіліся пасля вяртання з камандзіроўкі ў Польшчы. На іх кватэру прыйшлі з вобшукам, а ў выніку ў Ленінскім РУУС склалі адразу тры пратаколы за рэпосты адно аднаму з тэлеграм-каналаў, прызнаных экстрэмісцкімі (артыкул 19.11 КаАП).

25 жніўня іх выпусцілі з ізалятара першы раз, але, калі пара вярнулася дадому, іх там зноў чакалі супрацоўнікі міліцыі. Сям'і настойліва рэкамендавалі прыйсці зранку ў РУУС для прафілактычных мерапрыемстваў, але ў выніку супрацоўнікі міліцыі склалі на мужа з жонкай новыя пратаколы: Сяргей і Анастасія атрымалі па 15 сутак кожны. Дома яны прабылі ўсяго адзін вечар.

Пасля гэтага пару зноў выпусцілі з ізалятара на Акрэсціна ў верасні і перазатрымалі чарговы раз. Сённяшні суд над імі стаў сёмым па ліку.

Па словах былых сукамернікаў Настассі і Сяргея, у ізалятарах яны перахварэлі на каранавірус, моцна схуднелі. За такі працяглы час у няволі маладзёны падарвалі сваё здароўе: у ізалятарах адміністрацыйна асуджаным не аддаюць перадачы, не выдаюць матрацы і бялізну, не выводзяць на шпацыры, праз перапоўненасць камер людзі вымушаныя спаць на падлозе. Таксама асуджаных пазбаўляюць сну: штоноч будзяць а 2-й і 4-й гадзінах.

Колькі яшчэ сям'я будзе за кратамі?

На жаль, адказаць на гэта пытанне дакладна немагчыма. Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, прызнанай экстрэмісцкай, як правапарушэнне мае свой тэрмін даўніны: цяпер гэта год (пункт 3 артыкула 7.6 КаАП).

Колькасцю прысуджаных сутак Настасся і Сяргей імкліва набліжаюцца да ранейшых рэкордаў з адміністрацыйнымі арыштамі: раней 115 сутак у ізалятарах адбываў студэнт БДУІР Ян Салановіч, які раней працаваў у навукова-тэхнічным цэнтры КДБ. 105 сутак у няволі ў свой час правяла актывістка з Гомеля Анастасія Перавошчыкава. Праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0