Гісторыя з хабарамі кіраўнікам мясакамбінатаў сапраўды заблытаная і шматпавярховая, бо дзяржаўныя мясакамбінаты і раённыя спажывецкія таварыствы — асноўныя спажыўцы і перапрадаўцы мяса з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. 

Фота: скрыншот відэа аператыўнай здымкі

Пры гэтым мяса — прадукт вельмі маржынальны, але лімітаваны. І попыт на яго досыць вялікі. Бо зарабіць і нядрэнна можна нават на простай перакупцы. Тым больш, што ў Беларусі з лютага «замарожаныя» кошты на мяса свініны, ялавічыны і птушкі і разагнацца з коштамі на іх не выпадае.

Менавіта адсюль усё і пачынаецца. 

«Пры загрузцы звычайна дадаюць тону «леваку»

«Наша Ніва» знайшла прадпрымальніка, які сам калісьці працаваў з мясакамбінатамі па агучаных сілавікамі схемах. Ён расказаў, як у краіне дзейнічае «схематоз».

«У Беларусі нельга проста так пазваніць на мясакамбінат ці прыехаць і сказаць: «Дайце мяса, хачу купіць». Скажуць, што нічога няма, што адгрузім праз пару месяцаў і гэтак далей. Каб купіць добрага мяса — трэба плаціць. Але ў гэтыя схемы ўваходзяць толькі па знаёмствах і рэкамендацыях», — расказвае ён. 

«У цэлым аплата праводзіцца афіцыйна, канечне ж, безнаяўнымі. Але за кілаграм мяса накідваецца яшчэ 20 цэнтаў зверху наяўнымі. Як правіла, намесніку дырэктара.

Пры загрузцы звычайна дадаюць тону «леваку», які таксама аплачваецца наяўнымі і ў дакументах увогуле не ўлічваецца. Яго кошт, як правіла, ніжэйшы за кантрактны», — гаворыць наш суразмоўца. 

То-бок толькі з афіцыйна адгружанай тоны хабар можа скласці 200 даляраў. Не кажучы ўжо пра тону «леваку». 

«Мясакамбінат «прымае» няісных цялушак»

Адкуль жа на мясакамбінаце з'яўляецца «левае мяса»? Тут, па словах нашага суразмоўцы, пачынаецца цікавая гульня вагой.

«Сам «левак» — гэта мяса, атрыманае ў выніку заніжэння вагі пры прыёмцы ад калгасаў або за кошт заніжэння катэгарыйнасці жывой вагі. 

Калгасы самі на гэта ідуць, каб схаваць падзёж скаціны, асабліва цялят, — тлумачыць прадпрымальнік. — Мясакамбінат «прымае» няісных цялушак, а на гэтую вагу заніжае вагу рэальнай скаціны. Або вышэйшую ўкормленасць замяняюць схуднелай скацінай — ташчаком. А потым так разлічваюцца — паслуга за паслугу.

У выніку на мясакамбінаце заўсёды ёсць «левае мяса». У Беларусі ўвогуле заўсёды так працавалі, не было года, каб рабілі іначай, хочаш узяць нармальнага мяса — плаці.

Таму мяса самай нізкай якасці ідзе на бальніцы і школы, бо там няма каму плаціць. Ну але і што? Яны яго павараць даўжэй, ніхто не труціцца, ніхто не скардзіцца.

Пры гэтым органы ўсё ведаюць. Мяне некалькі разоў цёгалі ў КДБ, цікавіліся, што трэба мяняць, паказвалі матэрыялы крымінальных спраў на хабарнікаў, але нічога не мянялася. Адных садзілі, іншыя працягвалі займацца тым жа самым».

«У адзін момант у мясакамбінатаў стала нашмат болей мяса»

Іншы прадпрымальнік з мясной сферы лічыць, што дырэктары не здолелі ўтаймаваць свае апетыты і адпусцілі зашмат мяса рускім. Бо на гэтым рынку нядаўна адбылася займальная гісторыя.

«Пару месяцаў таму была сітуацыя, калі большасць забойных цэхаў раённых спажывецкіх таварыстваў спынілася, бо Мінсельгаспрад запатрабаваў ад іх закупіць лабараторыі для выканання патрабаванняў «саюзнага» тэхрэгламента.

Адзін камплект — каля 100 тысяч даляраў, такіх грошай у іх няма. Шухер узняўся, мама дарагая, фактычна яны павінны былі зачыніцца, а «мясаплынь» перайшла да мясакамбінатаў.

У адзін момант у іх стала нашмат болей мяса і, адпаведна, магчымасцяў зарабіць. Пра гэта ведалі ўсе, хто ў сферы, у тым ліку рускія. Можа быць, гэта неяк звязана…» — разважае наш суразмоўца. 

Таксама прадпрымальнік дадае, што ў Расіі тая ж самая праблема: мяса мала, купіўшы яго, ты заўсёды перапрадасі і заробіш. Але існуе перашкода: у Расіі забаронены ўвоз ялавічыны ў тушах і паўтушах з Беларусі, але вось транзіт — дазволены.

Аднак, па словах нашага суразмоўцы, пытанне падпісаць неабходныя дакументы таксама вырашаецца з дапамогай грошай.

Чытайце таксама:

Мяса — амаль на 30%, малако — на 18%. Паглядзелі, як змяніліся цэны пасля «замарозкі»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?