…Турма, канечне, сурагат жыцця. Але дае добрае разуменне, на што пасля выхаду адсюль варта (а на што — не варта) выдаткоўваць час.

…Самае тупое ў турэмнай сітуацыі тое, што тут час нібы спыняецца, і ты мусіш як на ровары, нібыта педалі круціць, каб ён ішоў. Яўна адчуваецца адрозненне ад волі, дзе не трэба прыкладаць дадатковых намаганняў для руху часу.

…Чытаў Маркеса — не самы дарэчны аўтар для такіх месцаў:) Проза («Аповед таго, хто не патануў у адкрытым моры») наганяе сум. Але публіцыстыка электрызуе: «СССР: 22.400.000 квадратных кіламетраў без адзінай рэкламы кока-колы» — яго эсэ па выніках паездкі ў СССР на міжнародны фестываль у канцы 1950-х…

…Увогуле з Маркеса найбольш запомніўся сюжэт пра жанчыну, якая везла рэйсавым аўтобусам курэй і час ад часу кукарэкала ім, каб падбадзёрыць.

…17 верасня. Атрымаў сёння з нагоды свята паперу аб працягненні тэрміну ўтрымання. У прынцыпе, нічога нечаканага. Вось адваротнае было б дзіўна. Мы ў пачатку гаварылі, што не будзем настройвацца на нейкія канкрэтныя даты і тэрміны («скора — хоць і няясна дакладна калі»).

Дый вялікага значэння тэрміны не маюць: мы закладнікі, а не злачынцы. Усё будзе ў сваю пару. Зараз у нас такі перыяд, але будуць і іншыя, абавязкова!

…Сёння былі лазня, пранне, праверка і іншыя забавы, якія забіваюць час. Пасля прыйшла адмова на маё хадайніцтва не працягваць тэрмін на месяц (я напісаў яго, калі мне ўручылі пастанову).

«Цёркін снова на войне» — помініш? Толькі цяпер Цёркін не толькі я, але і ты, і ўсе-ўсе-ўсе. Але будзе і іншы час.

…Запарыў гарбаты з чаборам, спачатку прыкладаў кубак да насавых пазух (быў трохі насмарк, але гэтым цудадзейным праграваннем я яго вылечыў: на кубак папярэдне трэба надзець шкарпэтку, каб не пяклося:)). Пасля выпіў гарбату. Як яна пахне!

…Ты пыталася пра значэнне Танка. На маю думку, ён мог бы быць першым Нобелеўскім лаўрэатам ад Беларусі. Яго паэзія так моцна вылучаецца, бо гартавалася пад уплывам зусім іншых, чым у рэшты беларускіх паэтаў той пары, фактараў.

Танк вучыўся ў беларускіх гімназіях, створаных дзеячамі «нашаніўскай пары». Ён (праз польскую мову) добра ведаў тагачасную заходнюю паэзію. Праз польскіх мадэрністаў Танк натуральна ўпісаў у беларускую літаратурную традыцыю верлібр.

Яго паэзія — вельмі беларуская і адначасова ўніверсальная — добра надаецца да перакладу і разумення іншамоўным чытачом.

Таксама паэзія МТ ніколі не была паэзіяй «чыстай красы» і багемных кавярняў (мы зараз гаворым пра міжваенны перыяд). У ёй ёсць нерв грамадскага жыцця. Камуністычныя ідэі, якімі быў з маладосці захоплены паэт, у Заходняй Беларусі ўспрымаліся неадрыўна ад ідэй нацыянальнага вызвалення і сацыяльнай справядлівасці для беларускага народа.

Калі ёсць жаданне даведацца пра гэту барацьбу, можна замест гістарычных прац, перачытаць першыя тры зборнікі Танка — «На этапах», «Пад мачтай» і «Журавінавы цвет».

…Я сёння чытаю цэлы дзень Мілана Кундэру («Кніга забыцця і смеху») — пра лёсы чэхаў пасля 1968-га. Кніга досыць цяжкая, у нас і блізка няма таго, што ў іх было тады — я маю на ўвазе і жорсткасць, і агульную атмасферу безнадзейнасці.

І не будзе такога.

…Дзякуй за вершы Танка. Не хапае такой класічнай прыгажосці. Чытаю сам сабе. Шлі яшчэ. Ён, дарэчы, таксама быў тут. Успамінаў, як у 1934-м недзе перайшоў савецкую мяжу, натуральна, яго для парадку пасадзілі.

У камеры быў адзін, падсадзілі правакатара — даў яму ў вуха. Пасля Танка вызвалілі (праз пару дзён) і адправілі назад у Заходнюю Беларусь. Пашанцавала, што рана пайшоў. Праз пару год такіх проста расстрэльвалі (пайшлі былі хлопцы са Слабады ў саветы — і больш пра іх ніхто нічога не чуў).

…Атрымаў сёння тваю тэлеграму пра Тамашовы [паўтарагадовы сын — НН] поспехі. Ура!.. А сіканне на гаршчок — гэта ўвогуле супер! Наша агітацыйная кампанія дае плён.

«Дні мільгаюць, як заяц у хмызняку» — піша «Нарачанская зара» пра ўборку кукурузы ў ваколіцах Пількаўшчыны [родная вёска ў Мядзельскім раёне. — НН].

Сніў сёння пількаўскую хату. Чытаў некалі, што дом у сне — гэта ты сам, твой псіхалагічны стан. Гэты ўчарашні сон быў нібыта працяг нейкага бачанага раней. Дык у тым ранейшым сне ў пакоі, дзе шафа і запечак, не было падлогі, а ва ўчорашнім сне — ужо была. З чаго я раблю выснову, што стабілізаваўся тут, наколькі гэта магчыма.

…Я люблю тут раніцу, калі тлуму няма, і час перад самым адбоем — калі я залажу ў сваю «каробку для ката» і думаю: вось дзень і прайшоў. Бывае, і нейкі вершык прыйдзе ў галаву.

…Выхадныя тут цяжка пераносяцца. Затое як мы будзем любіць іх пасля!

Будзь спакойная. Усё гэта мінецца, а мы застанемся.

Дасылаць лісты нашаніўцам можна па адрасе:

СІЗА-1, Мінск, вул. Валадарскага 2, 220030

Марціновіч Ягор Аляксандравіч

Скурко Андрэй Генадзевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?