Аляксандр Дзядок

«Я атрымаў афіцыйнае паведамленне ад адваката Наталлі Мацкевіч, што на яе завялі дысцыплінарную вытворчасць і яе адхілілі ад працы, — кажа Аляксандр Дзядок. — Цікава, што яшчэ не закончанае судовае следства — стадыя судовага працэсу, калі вывучаюцца доказы, — а майго сына ўжо другі раз пазбаўляюць адваката.

Спачатку пазбавілі ліцэнзіі адваката Маслава, а цяпер адхілілі ад абавязкаў адваката Мацкевіч. Прычым Мацкевіч нават не ўдзельнічала ў судзе па справе майго сына — яна мусіла ўдзельнічаць, калі справу вернуць у суд.

Як я ўжо казаў, па справе Мікалая працягваецца судовае следства, яно не скончанае. Падчас яго суд прызначыў псіхолага-лінгвістычную экспертызу. Заключэнне экспертызы яшчэ не з’явілася, справа знаходзіцца ў экспертаў, па той інфармацыі, якую я маю.

Экспертыза ідзе ўжо амаль тры месяцы: гэта надта доўга, стандартны тэрмін — максімум месяц. Прычыны мне невядомыя, магу толькі меркаваць. Мяркую, што Камітэт судовых экспертыз сёння вельмі моцна загружаны падобнымі экспертызамі, бо, прабачце, гэта сёння стала «модна» — праводзіць такія экспертызы па справах палітычных.

Пазаўчора я атрымаў ад сына ліст. У цэлым усё нармальна, хіба толькі праблемы са здароўем: была прастуда, баліць галава, баліць вуха.

Яму абяцаюць медыцынскую дапамогу, але ці выканае гэтае абяцанне адміністрацыя СІЗА, я не ведаю. Ужо не раз сутыкаліся, што абяцанні не выконваліся».

Мікалай Дзядок на судовым пасяджэнні распавёў шакуючыя падрабязнасці свайго затрымання. Ці не пацягнула гэта нейкія наступствы?

«Каб штосьці такое было, мы б пра гэта ведалі, — кажа Аляксандр Дзядок. —

Прыклад майго сына паказвае, што баяцца нельга. 

Сын зрабіў тое, што трэба было зрабіць, і я яго цалкам падтрымліваю. Бо трэба казаць праўду».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?