Мінск: «Тэлефануйце на наступным тыдні»

Мы звярнуліся ў медустановы розных раёнаў Мінска. У большасці прапануюць «Спутнік» — расійскага ці беларускага разліву.

У 17-й паліклініцы не ведаюць, калі завязуць кітайскую вакцыну. 

«Скончылася літаральна два дні таму, цяпер толькі «Спутнік», — кажуць у рэгістратуры.

Амаль тыдзень таму кітайская вакцына скончылася ў 23-й паліклініцы.

«Ёсць «Спутнік V», выпушчаны ў Расіі і ўпакаваны ў Беларусі, і «Спутнік лайт». Кітайская невядома калі з’явіцца», — апісваюць сітуацыю ў 5-й паліклініцы.

У 14-й прапануюць толькі «Спутнік» — расійскі ці ад «Белфарма».

Скончылася кітайская вакцына і ў 8-й паліклініцы. Новая партыя, кажуць, будзе магчыма праз тыдзень-два.

У 1-й і 26-й паліклініцы, куды мы дазваніліся, таксама даступны толькі «Спутнік».

«Кітайскай вакцыны няма. Вам першы кампанент? Патэлефануйце, можа, у пятніцу. Жыхароў з іншага раёна не бяром, у нас пакуль толькі свае», — патлумачылі ў 30-й паліклініцы.

А вось у 35-й кітайская вакцына яшчэ засталася.

«Можна з іншага раёна, прыходзьце з пашпартам», — адказалі ў даведцы.

Тое, што праблема з даступнасцю кітайскай вакцыны будзе як мінімум да наступнага тыдня, пацвердзілі і ў Адзінай рэгістратуры сталіцы.

«Вакцына скончылася ўчора, толькі калі ў саміх паліклініках засталіся запасы. Тэлефануйце на наступным тыдні, на гэтым ужо не паступіць. Калі будзе, то спачатку завязуць у паліклінікі, а пасля ў мабільныя пункты вакцынацыі», — распавялі там.

А што ў рэгіёнах?

У некаторых райцэнтрах можна без праблем зрабіць прышчэпку кітайскай вакцынай. Напрыклад, у Ваўкавыску, каб доўга не чакаць, прапануюць папярэдне запісацца. У Быхаве тая ж сітуацыя.

У Століне ў наяўнасці толькі другі кампанент кітайскай вакцыны.

Тым, хто жыве ў Паставах, прапануюць расійскую прышчэпку.

«Кітайскай засталося мала. Можа, на сёння хопіць, а можа і не», — папярэджваюць у Рагачоўскай ЦРБ.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?