Фота: @Straz_Graniczna

«Беларускія сілавікі прыводзяць мігрантаў да мяжы, а часта нават удзельнічаюць у знішчэнні памежных умацаванняў»

 — Польшча неаднаразова абвінавачвала Беларусь і Расію ў тым, што менавіта яны стварылі крызіс на мяжы. Якія ў вас доказы, што гэта правакацыя Менску і Масквы?

 — Пра гэта сведчыць карэляцыя фактаў. Першае — гэта выказванні Аляксандра Лукашэнкі, які сёлета некалькі разоў, і ў сакавіку, і красавіку, анансаваў пачатак мігранцкага руху. Ён намякаў, што гэта будзе форма помсты Еўрасаюзу за санкцыі, за падтрымку апазіцыі. У ліпені адбыўся выбух нелегальных спробаў перайсці польска-беларускую мяжу. У верасні такіх спробаў было 7500. У кастрычніку іх будзе значна больш, гэта я магу сказаць ужо па першых тыднях месяца. І ва ўсёй гэтай міграцыйнай гісторыі бачныя сляды беларускай дзяржавы.

 Менавіта беларускія турыстычныя агенцтвы высылаюць запрашэнні патэнцыйным мігрантам. МЗС Беларусі дае ім візы.

Яны начуюць у беларускіх гатэлях, якія кантралююцца дзяржавай. А беларускія памежнікі ўдзельнічаюць у перавозцы гэтых людзей з Менску або іншых буйных гарадоў на польскую мяжу. І менавіта беларускія сілавікі прыводзяць мігрантаў да мяжы, а часта нават удзельнічаюць у знішчэнні памежных умацаванняў, якія Польшча нядаўна ўсталявала.

 З нашага пункту гледжання, удзел у гэтым працэсе беларускай дзяржавы не падлягае ніякім сумневам. Адначасна можна гаварыць пра дазвол і спрыянне расейскага боку. Пра гэта сведчыць тое, што гэты мігранцкі рух асабліва павялічыўся падчас вучэнняў «Захад-2021». Тады акурат моцна павялічылася дамінацыя Расеі над беларускім бокам, бо расейскія жаўнеры кантралявалі тэрыторыю, дзе адбываліся вучэнні. А гэта перадумова да таго, што Лукашэнка не пайшоў бы на такі мігранцкі крызіс без дазволу Расеі. І самі мігранты таксама кажуць, што трапляюць на мяжу з Польшчай з Расеі.

 «Мігранты, якія трапляюць у Беларусь, становяцца ахвярамі падману»

— Як такое ўвогуле магло адбыцца? Якім чынам улады Беларусі і Расеі змаглі запрасіць да сябе тысячы розных людзей з іншага рэгіёну свету?

 — Здаецца, што спачатку перад беларускімі турфірмамі паставілі задачу — кантакты з некаторымі краінамі, на тэрыторыі якіх ёсць шмат патэнцыйных мігрантаў, якія б хацелі трапіць у Еўрасаюз. Там адбывалася вялікая рэкламная кампанія. Ішла рэклама ў сацыяльных сетках або іншых СМІ, папулярных у Іраку, Сірыі і краінах Блізкага Ўсходу. Арганізоўваліся авіяпералёты з Іраку, са Стамбулу. Утварыліся канкрэтныя транспартныя ланцугі, якія дазволілі перавозіць вялікую масу людзей у Беларусь. Але мы ведаем, што мігранты, якія трапляюць у Беларусь, становяцца ахвярамі падману. Ім абяцаюць, што яны лёгка пройдуць з Беларусі ў Нямеччыну ці іншыя багатыя краіны Еўропы.

Мігранты з Ірака паказалі, як яны два тыдні жылі ў лесе на беларуска-латвійскай мяжы. ВІДЭА

Такое немагчыма арганізаваць без удзелу беларускага дзяржаўнага апарату. Тут былі неабходныя палітычныя кантакты. А цяпер Беларусь ужо фактычна апякуецца гэтымі плынямі.

 — Ці можаце вы пацвердзіць існаванне пераходнага лагера на беларускім баку, куды трапляюць уцекачы перад тым, як пачаць пераход мяжы з Польшчай?

 — Я магу пацвердзіць, што сапраўды існуе такі спосаб дзейнасці беларускага боку, калі ён намагаецца новых мігрантаў збіраць у канкрэтных месцах, у вялікіх групах. Потым яны дзеляцца на малыя групы. З імі праводзяць інструктаж, дзе найпрасцей прайсці мяжу. Памежныя службы Польшчы ўжо шмат разоў публікавалі відэа, на якіх бачна, што ролю такіх часовых лагераў выконваюць будынкі, якія звычайна выкарыстоўваюцца беларускімі памежнікамі.

 — А што вам кажуць самі мігранты?

 — Яны часта гавораць, што беларускі бок іх падмануў. Яны здзіўленыя, што трапілі ў Польшчу. Частка з іх была ўпэўненая, што яны лёгка пяройдуць беларуска-еўрапейскую мяжу, як яны яе называюць, і трапяць у Нямеччыну. А калі яны бачаць, як ахоўваецца польская мяжа, то адчуваюць сябе ў пастцы. Самі яны ня хочуць браць на абардаж мяжу, некаторыя кажуць, што гатовыя нават вярнуцца да сябе дадому. Але часам беларускі бок іх трохі прымушае ісці далей на Захад. То бок яны цалкам пацвярджаюць удзел беларускага боку ў мігранцкім крызісе.

 Фота: @Straz_Graniczna

 Фота: @Straz_Graniczna

«Гэта рэжым Лукашэнкі адказвае за лёс гэтых людзей»

— Што цяпер адбываецца каля Уснару Горнага, на польска-беларускай мяжы? Уцекачы зʼявіліся там два месяцы таму і жывуць проста ў лесе. Лукашэнка ў інтэрвʼю тэлеканалу CNN казаў, што ім прапанавалі вярнуцца ў Беларусь, каб перажыць зіму. Але яны нібыта адмовіліся і сказалі, што Польшча абяцае ім прытулак.

 — Гэты лагер усё яшчэ існуе. Гэтыя людзі працягваюць качаваць на тэрыторыі Беларусі, я хачу гэта дакладна падкрэсліць.

Мігранты там знаходзяцца ня ў Польшчы, адказнасць за іх ляжыць на ўладах Беларусі. Усе мігранты, якія трапляюць у Беларусь, знаходзяцца там легальна, таму гэта рэжым Лукашэнкі адказвае за лёс гэтых людзей.

 Мы ведаем, што гэтая група складаецца пераважна з афганцаў, якія пакінулі Афганістан шмат месяцаў і нават гадоў таму. Спачатку яны знаходзіліся ў Расеі, а ўжо адтуль прыехалі на беларуска-польскую мяжу. На нашу думку, гэтых людзей нельга ўспрымаць як уцекачоў, так гаворыць міжнароднае права.

 — Гэта ўсё яшчэ тыя самыя людзі? Ці туды давозяць новых?

 — Не магу сказаць, як сітуацыя выглядае сёння. Польскія памежнікі назіралі, як адну групу беларускія сілавікі замянілі там на іншую. Беларусы апякуюцца гэтай групай, прывозяць ім ежу, неабходныя для жыцця ў лесе сродкі, дапамагаюць ім зараджаць тэлефоны, прывозяць цыгарэты і іншыя прадукты.

 «Людзей, якім не патрэбна неадкладная медычная дапамога, мы вяртаем у Беларусь»

— Беларуская тэлевізія і праўрадавыя СМІ публікуюць відэа з мяжы, на якім нібыта польскія памежнікі або салдаты выганяюць мігрантаў сілай, цкуюць на іх сабак, страляюць у паветра. Што вы на гэта адкажаце?

 — Польскія памежнікі прытрымліваюцца нашых правілаў аховы мяжы. Польскія памежнікі і войска не выкарыстоўваюць ніякіх агрэсіўных сродкаў супраць мігрантаў. Але сапраўды, мы рашучыя, таму людзей, якім не патрэбна неадкладная медычная дапамога, у каго няма праблемаў са здароўем, мы іх вяртаем ад нашай мяжы ў Беларусь, каб яны далей былі там легальна.

 Я хачу нагадаць, што Польшча не зʼяўляецца краінай, куды яны хочуць трапіць. У пераважнай большасці яны не зацікаўленыя ў тым, каб застацца ў Польшчы, і нават ня хочуць падаваць тут заявы на прытулак. Яны разумеюць, што пасля такой заявы яны абавязаныя застацца ў Польшчы на перыяд усёй працэдуры, некалькі месяцаў. А ім гэта ня трэба, яны хочуць ехаць далей на Захад.

 — Але некаторых вы ўсё ж пускаеце да сябе. На якой падставе адбываецца гэты падзел?

 — Польшча затрымала вялікую групу мігрантаў, сярод якіх 45% зацікаўленыя падаць у нас заявы. Тады мы іх прымаем, і яны трапляюць у спецыяльны цэнтр для іншаземцаў, дзе яны чакаюць канчатковага рашэння. Але такіх прыкладаў меншасць. Калі яны чуюць, што мусяць тады застацца ў нас, то прымаюць рашэнне яшчэ раз нелегальна перайсці мяжу, каб трапіць далей на Захад.

 — Нямецкая паліцыя паведаміла, што ў Нямеччыну праз Польшчу з Беларусі трапіла ўжо 4300 уцекачоў. То бок шмат каму ўдаецца прайсці мяжу ў абыход польскіх памежнікаў?

 — Мне складана назваць нейкія лічбы. Мы ацэньваем шчыльнасць і эфектыўнасць польскай мяжы як высокую, на 90% з нечым. Польскі міграцыйны шлях вядзе таксама праз шлях з Літвы. То бок з Польшчы ў Нямеччыну могуць трапляць і мігранты, якія пераходзяць мяжу з Літвой ці Латвіяй.

 — Хто тыя людзі, якія дапамагаюць мігрантам з Польшчы трапляць у Нямеччыну? Гэта грамадзяне розных краінаў. Учора падчас уцёкаў кантрабандыстаў у Беластоку адна асоба нават загінула. Хто імі кіруе?

 — Гаворка, хутчэй за ўсё, ідзе пра арганізаваныя перавозкі. Тыя, хто прабіваецца праз мяжу, атрымлівае інструкцыю, дзе шукаць такіх перавозчыкаў. Але іх затрымлівае паліцыя і памежная служба. Усё часцей мы сустракаемся з тым, што кантакт мігрантаў з перавозчыкамі адбываецца як мага далей ад мяжы. Але паводле інфармацыі, якую я маю, злачынныя групы, якія займаюцца зусім іншай дзейнасцю, пачынаюць цікавіцца гэтым шляхам міграцыі з Польшчы ў Нямеччыну. Але ім пакуль моцна замінае надзвычайнае становішча на памежнай тэрыторыі. Бо такіх людзей значна прасцей выявіць, бо існуе абмежаванне на знаходжанне каля мяжы.

 «Лукашэнка хоча прымусіць прызнаць сябе легітымным кіраўніком Беларусі»

 — Ці разглядае польскі бок магчымасць перамоваў з беларускім бокам? Лукашэнка публічна заяўляў, што ён гатовы сесці за стол перамоваў.

 — Мне здаецца, што ўмовы, якія выставіў Лукашэнка, вядомыя. З нашага пункту гледжання, ён намагаецца дэстабілізаваць Еўрасаюз, каб прымусіць адмовіцца ад санкцый супраць рэжыму. Таксама Лукашэнка хоча прымусіць прызнаць сябе легітымным кіраўніком Беларусі. Думаю, што ў гэты момант сур’ёзныя палітычныя перамовы немагчымыя. Хоць на нейкім працоўным узроўні мы не выключаем кантактаў з Беларуссю.

 — Калі на польска-беларускай мяжы ўзнікне анансаваны Варшавай мур і як ён будзе выглядаць?

 — Акурат сёння ў Сейме адбываецца праўная дыскусія наконт гэтай інвестыцыі. Што тычыцца канкрэтыкі, то мы паведамім пра гэта цягам бліжэйшых дзён. Пакуль мы аналізуем розныя механізмы, шукаем самыя сучасныя вырашэнні. Але гэтая ахова значна лепш абароніць нашую мяжу, яна будзе абсталяваная самымі сучаснымі датчыкамі, электронікай, што дазволіць нам лепш сачыць за рухам на мяжы.

 — Учора польскія СМІ цытавалі вашыя словы, што ўжо вельмі хутка Польшча спыніць паток мігрантаў з Беларусі. Якім чынам вы хочаце гэтага дамагчыся?

 — Магчыма, мае словы памылкова інтэрпрэтавалі. Мы, польскі ўрад, разлічваем, што нашая цвёрдая пазіцыя наконт аховы мяжы прынясе эфект у выглядзе ціску на рэжым у Беларусі.

 Мы хочам стварыць такую сітуацыю, каб Беларусь сама пачала захлынацца ад мігрантаў, якіх яна высылае нам. Мы разлічваем, што гэта прымусіць Лукашэнку адмовіцца ад свайго рашэння. Але ня думаю, што гэта станецца хутка. Мяркую, што праблемы, звязаныя з міграцыяй, застануцца яшчэ бліжэйшыя месяцы.

Расчараваныя мігранты могуць зладзіць пратэсты? Што будуць рабіць мігранты ў Беларусі?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0