Гродзенскага блогера і прадпрымальніка Вадзіма Ермашука (Vadimati) асудзілі на 20 дзён адміністрацыйнага арышту нібыта за «распаўсюд, выраб або захоўваньне інфармацыі, у якой ёсьць заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці» (артыкул 19.11 КаАП). Пра гэта «Радыё Свабода» паведаміла сяброўка блогера.

Пастанову ўхваліў суд Шчучынскага раёна 14 кастрычніка. У гэты ж дзень Ермашука маюць перавесьці ў СІЗА гродзенскай турмы.

Вадзіма Ермашука затрымалі 16 жніўня ў Шчучыне, куды ён паехаў паглядзець на мясцовы скейт-парк, каб зрабіць падобны ў Гродне.

Агулам Vadimati атрымаў 60 адміністрацыйных сутак арышту па трох артыкулах: спачатку 25 нібыта за «заклік на несанкцыянаванае спартовае мерапрыемства» (артыкул 24.23 КаАП). Напрыканцы тэрміну дадалі 15 сутак за «абразу работнікаў ЖКГ і гарвыканкаму», калі ён тэлефанаваў па нумары 115. З 16 жніўня дагэтуль гарадзенец знаходзіўся ў Шчучынскім ІЧУ.

Цяпер Ермашук знаходзіцца пад вартай, на яго завялі крымінальныя справы па двух крымінальных артыкулах: за абразу Лукашэнкі (артыкул 368 Крымінальнага кодэксу Беларусі, пагражае да 4 гадоў у калоніі) і за «абразу дзяржаўнага сцяга» (артыкул 370 Крымінальнага кодэксу Беларусі, пагражае да 3 гадоў у калоніі). Падставай для завядзення спраў паслужылі два выказванні блогера.

Вадзім Ермашук гандлюе адзеннем на гродзенскім рынку. У апошнія гады дамагаўся паляпшэньня інфраструктуры ў горадзе: рамонт асфальту, усталяванне пандусаў, змагаўся з забруджваннем вады.

Акрамя таго, наведваў многія «палітычныя» суды, расказваў пра іх у сваім інстаграме. Здымаў іранічныя ролікі ў вобразе «народнага дэпутата».

Вадзіму Ермашуку 36 гадоў, паводле адукацыі ён юрыст, вядзе свой інстаграм з 45 тысячамі падпісчыкаў.