Астранаўты місіі New Shepard NS-18. Уільям Шэтнер - другі злева. Фота blueorigin.com.

Астранаўты місіі New Shepard NS-18. Уільям Шэтнер - другі злева. Фота blueorigin.com.

Уільям Шэтнер — сусветна вядомы акцёр, выканаўца ролі капітана Джэймса Кірка ў серыяле 60-х гадоў «Зорны шлях» («Стартрэк»). Асноўная тэма серыяла — вывучэнне і асваенне космасу камандай зямлян у 23 стагоддзі.

З «Зорнага шляху» пачалася легендарная аднайменная эпапея, у якой Шэтнер таксама прыняў актыўны ўдзел — ён зняўся ў сямі мастацкіх фільмах франшызы «Зорны шлях» і напісаў некалькі кніг.

Цяпер Шэтнеру 90 гадоў, і ён нарэшце апынуўся ў рэальным космасе. Больш за тое, з 13 кастрычніка акцёр — самы стары чалавек, што бываў у пазазямной прасторы. Сваё падарожжа ён здзейсніў разам з трыма іншымі астранаўтамі на ракеце New Shepard прыватнай кампаніі Blue Origin, піша Daily Mail.

Падарожжа доўжылася 10 хвілін 17 секунд, і 3 хвіліны з іх астранаўты правялі ў бязважкасці. Месцы ў ракеце разам з Шэтнерам занялі былы інжынер NASA і заснавальнік кампаніі Space Labs Крыс Башуйзен, заснавальнік кампаніі Medidata Solutions Глен дэ Врыс і прадстаўнік Blue Origin Одры Паўэрс.

Уільям Шэтнер у ролі капітана Джэймса Кірка. Фота flickr.com.

Уільям Шэтнер у ролі капітана Джэймса Кірка. Фота flickr.com.

Пасля палёту Шэтнер не мог стрымаць эмоцыі. Акцёр дзяліўся перажываннямі пра ўразлівасць Зямлі і адносную тонкасць яе атмасферы, сцвярджаў, што «кожны ў свеце павінен гэта зрабіць», то-бок злятаць у космас.

Часам пачынаючы плакаць, Шэтнер сказаў Джэфу Безасу, кіраўніку кампаніі Blue Origin:

«Я настолькі перапоўнены эмоцыямі праз тое, што зараз адбылося. Спадзяюся, я ніколі не прыйду ў сябе ад гэтага».

Крыс Башуйзен, іншы пасажыр ракеты, распавёў, як гэта — ляцець у касмічнай ракеце разам са знакамітым капітанам Кіркам: «Для столькіх людзей ва ўсім свеце «Зорны шлях» увасабляе будучыню, на якую мы можам спадзявацца, мірную будучыню для чалавецтва, і я не магу прадставіць лепшага правадніка гэтай ідэі, чым спадар Шэтнер. Гэта прыводзіць у абсалютнае захапленне».

500 даляраў за тэрмінал і даступнасць нават у сельскіх рэгіёнах. Чым цікавы інтэрнэт ад Ілана Маска

Кітай жадае размясціць на арбіце сонечныя батарэі, каб перадаваць энергію на Зямлю

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0