Фота depositphotos.com.

У эканамічнай навуцы такую з’яву называюць аўтаркія, ці, інакш кажучы, эканамічны нацыяналізм. Прыкладам аўтаркіі можна лічыць малады Савецкі Саюз, які адсек сябе ад сусветнага гандлю, аналагічныя тэндэнцыі назіраліся ў гітлераўскай Германіі. Пасля пачатку глабалізацыі аўтаркія мала дзе праяўлялася так яскрава, як у Паўночнай Карэі, піша Guardian.

Яшчэ да з’яўлення кавіду ў некаторых заходніх краінах праявіліся тэндэнцыі да нацыяналізму ў эканоміцы. Гэта датычыцца, напрыклад, гісторыі з Брэксітам, росту папулярнасці Трампа. Але ж пачатак пандэміі паскорыў такія тэндэнцыі.

Яўген Постнікаў, старшы выкладчык па міжнародных адносінах ва Універсітэце Мельбурна, тлумачыць, чаму гэта адбываецца. Згодна з ім, цяжкасці пандэміі прынеслі грамадствам разуменне, як моцна краіны залежаць ад імпарту і прадуктаў, што ўваходзяць у міжнародныя ланцугі паставак.

На практыцы гэта праявілася, напрыклад, калі яшчэ ў 2020 годзе Францыя і Германія прынялі законы, якія абвясцілі маскі для твару стратэгічнай маёмасцю. Такія законы даюць магчымасць краінам прысвойваць маскі, калі іх перавозяць праз тэрыторыю Францыі і Германіі. Пазней імкненне да эканамічнага нацыяналізму было прадэманстраванае ў сітуацыі з вакцынацыяй, калі кожная арганізацыя ці краіна, што стварыла свой варыянт супрацькавіднай прышчэпкі, пільна кантралявала яе распаўсюд.

Фота depositphotos.com.

Постнікаў лічыць, што краіны больш не могуць чакаць ад стратэгічных канкурэнтаў бесперабойных паставак важных тавараў і паслуг. Цяпер краіны лічаць пытанні гандлю, як і пытанні бяспекі, элементамі высокай палітыкі.

Якім будзе свет пасля пандэміі

Згодна са справаздачай кансалтынгавай кампаніі Deloitte, больш за 80% галінаў прамысловасці адчулі на сабе падчас пандэміі парушэнні ланцугоў паставак. На гэта паўплывалі перш за ўсё транспартныя абмежаванні, звязаныя з умовамі лакдаўну ў большасці краін свету. Прыкладна 75% кампаній пачалі актыўную працу па пераносе вытворчасці з замежных краін бліжэй да дома.

У краінах накшталт Кітая расце кошт на працоўную сілу, што таксама матывуе карпарацыі пераглядаць механізмы вытворчасці. Напрыклад, зараз працоўная сіла ў Мексіцы каштуе менш, чым у Кітаі, і гэта спрыяе таму, каб амерыканскія кампаніі пераносілі вытворчасць бліжэй да дома.

Тое, што дакладнае паходжанне віруса кавіду пакуль невядома, таксама дрэнна ўплывае на сусветную эканоміку. Кітай — краіна, дзе з’явіўся кавід, — стаў аб’ектам варожасці ў заходнім грамадстве. З такой краінай не так проста супрацоўнічаць.

Чым жа скончацца змены ў глабальнай эканоміцы? Яўген Постнікаў лічыць, што наўрад ці свет ператворыцца ў вялікую колькасць аўтаркісцкіх дзяржаў накшталт Паўночнай Карэі. Хутчэй мы пабачым шмат невялікіх рэгіянальных блокаў дзяржаў, у рамках якіх будуць існаваць больш кароткія ланцугі паставак, чым у дакавідны час.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?