Падатак на кватэру

Міністэрства фінансаў Беларусі апублікавала праект зьменаў у Падатковы кодэкс.

Паводле праекту, падатак на нерухомасьць абавяжуць плаціць нават за адзіную кватэру ва ўласнасьці з 1 студзеня 2022 году.

Гэта прадугледжана пунктам 114 праекту закону. Выключэньні прапануюць толькі для пэнсіянэраў, інвалідаў I і II групы, непаўналетніх, недзеяздольных, вайскоўцаў, удзельнікаў Другой сусьветнай вайны.

Паведамлялася, што ў Менску гэты падатак будзе ў сярэднім 50 рублёў на год, у рэгіёнах — каля 25 рублёў.

Падатак на дадатковую вартасьць для замежных кампаній

Цяпер замежныя кампаніі, такія як Aliexpress, Ozon, Wildberries, ня сплочваюць ПДВ пры адпраўцы тавараў у Беларусь. Згодна з інфармацыяй ад Мінфіну, гэтая норма можа зьмяніцца зь ліпеня 2022 году.

Стаўка ПДВ — 20%. Незразумела толькі, хто менавіта будзе аплочваць новы падатак: беларусы, якія замовілі тавар, ці кампаніі, якія яго адправілі ў Беларусь.

Падатак на выезд за мяжу

У красавіку ўлады прыдумалі ўвесьці падатак для тых, хто выяжджае на мяжу на сваім аўтамабілі праз наземныя пункты пропуску. Каб выехаць, трэба заплаціць 1 базавую велічыню, ці 29 рублёў. Калі ўводзіць падатак, вырашалі мясцовыя ўлады, таму ў розных абласьцях яго пачалі браць у розны час. З чэрвеня падатак увялі ў Горадзенскай і Гомельскай вобласьці, зь ліпеня — у Берасьцейскай вобласьці.

Вырастуць падаткі для ІП

Міністэрства фінансаў 28 верасьня апублікавала праект закону аб зьменах, у тым ліку, у Падатковы кодэкс. Згодна з гэтым дакумэнтам, падатак для ІП можа вырасьці да 16%, утрая, бо цяпер многія ІП плацяць падатак па спрошчанай схеме — 5%.

Праект закону пакуль не прыняты.

Штрафы і пазбаўленьне правоў за кляксон

За гукавыя сыгналы «без патрэбы» ДАІ можа штрафаваць кіроўцаў з 1 сакавіка. Такія нормы зьмяшчае новы Адміністрацыйны кодэкс. Штраф можа складаць да 10 базавых, ці да 290 рублёў, з пазбаўленьнем правоў на тэрмін да году.

Якраз кляксонамі кіроўцы аўтамабіляў падтрымлівалі пратэстоўцаў у 2020 годзе.

Штраф за абразу службовай асобы

У новым Адміністрацыйным кодэксе таксама ўводзіцца некалькі новых штрафаў для грамадзянаў. Штраф за абразу службовай асобы ў інтэрнэце — да 200 базавых велічыняў, ці да 5800 рублёў.

Зьявілася адказнасьць за фінансаваньне СМІ замежнымі юрыдычнымі асобамі, замежнымі грамадзянамі ці асобамі без грамадзянства ў выпадку, калі гэта забаронена заканадаўчымі актамі, а таксама за фінансаваньне з ананімных крыніц. Караць будуць штрафам да 50 базавых велічыняў, ці да 1450 рублёў. Могуць забраць атрыманыя сродкі і нават маёмасьць.

Зьявіўся асобны артыкул, каб можна было караць за сьцягі — «незаконнае выкарыстаньне і выраб сьцягоў і сымбаляў». За гэта можна атрымаць штраф ад 5 да 20 базавых велічыняў, ці ад 145 да 580 рублёў.

Павялічылі памер штрафу за непадпарадкаваньне службовай асобе: з 50 да 100 (2900 рублёў) базавых велічыняў у максымальным значэньні.

Павялічыўся і штраф паводле артыкулу «Парушэньне парадку арганізацыі альбо правядзеньня масавых мерапрыемстваў». У выпадку, калі гэтае «парушэньне» зроблена паўторна цягам году, штраф можа быць 200 базавых (5800 рублёў). Раней максымальнае значэньне было 100 базавых.

Штраф за адсутнасьць на твары масак у грамадзкіх месцах

У Міністэрстве юстыцыі адшукалі норму закону, паводле якой змогуць караць беларусаў штрафамі за адсутнасьць маскі ў грамадзкіх месцах:

  • для фізычных асобаў — штраф да 30 БВ (цяпер 870 рублёў);
  • для ІП — штраф да 200 БВ (цяпер 5800 рублёў);
  • для юрыдычных асобаў — штраф да 500 БВ (цяпер 11 600 рублёў).
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?