З ліпеня ў Польшчы прыкметна павялічылася колькасць заяў аб міжнароднай абароне, інфармуе Упраўленне па справах іншаземцаў. За першыя тры кварталы гэтага года такія заявы падалі амаль 5200 замежнікаў.

Прэс-сакратар Упраўлення па справах іншаземцаў Якуб Дудзяк паведаміў, што да канца верасня прытулку ў Польшчы прасілі, перш за ўсё, грамадзяне Афганістана і Беларусі:

— Такія заявы найчасцей падавалі грамадзяне Афганістана — 1700 чалавек, у тым ліку эвакуяваныя ў Польшчу супрацоўнікі польскага вайсковага кантынгенту і дыпламатыі. На другім месцы грамадзяне Беларусі — 1400 чалавек. Далей Расіі — 800 чалавек, Іраку — 500 і Украіны — 200 чалавек.

Як сказаў Якуб Дудзяк, сярод разгледжаных заяў, амаль у палове выпадкаў былі вынесены станоўчыя рашэнні:

— Цягам першых трох кварталаў бягучага году міжнародную абарону ў Польшчы атрымалі 934 іншаземцы. У асноўным з Беларусі — 733 асобы, Расіі — 64 асобы і Турцыі — 48 асоб. У дачыненні да 941 іншаземца былі выдадзеныя адмоўныя рашэнні. У асноўным гэта былі грамадзяне Расіі і Украіны.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?